epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Час трагічны самы

Паэма напісана на аснове

архіўных дадзеных з захаваннем

сапраўдных падзей і прозвішчаў.

 

Так мала напісаў

Я пра вайну,

Пра час для нас усіх

Трагічны самы.

Я й сам прайшоў

Вярсціну не адну

Праз жах і страты

На руках у мамы.

 

Хапіла маме

Страху і бяды,

Аблепленай

Дзіцяткамі малымі.

Мы з вёскі нашай,

Спаленай тады,

Насілу

Ўратаваліся жывымі.

 

Чакаў нас новы жах

На Паліку,

Там смерці, у гэным пекле,

Было ўтульна.

Ці ж толькі мы?..

Не быў ніхто

Ў баку

Ад жудаснай

Трагедыі агульнай.

 

Таму развага будзе

Не пра нас,

Вярнуўшыхся

На папялішча хаты.

Лёс брата Колі

Хваляваў ў той час,

Яго, непаўналетняга,

І таты.

 

Пра тату ведалі,

Што ён вайны салдат,

Быў полк яго

Сто шэсцьдзесят дзевяты.

Прызваў Лагойскі

Райваенкамат

Яго тады

З вяскоўцамі ў салдаты.

 

Хоць гэта ведалі —

Усё ж лягчэй,

А што ўж выпадзе

Яму на долю...

І слёзы не канчаліся

З вачэй

У мамы за яго,

Ды горш за Колю.

 

Яго —

Непаўналетняга, пакуль,

Схапілі немцы

І пагналі ў рабства.

І невядомасць —

Горш варожых куль,

Спраўляла баль

Фашыстаў святатацтва.

 

Дзе ты, сыночак,

Ці жывы,

Ці не?

Ці вернешся

З варожай той бярлогі?

І мама слала

Свой праклён вайне,

І ўсё прасіла

Дапамогі Божай.

 

*

У Мінск зганялі

Моладзь адусюль,

Прыкладамі з размаху

Білі ў спіны.

У сэрцах у арыйскіх

Жалю нуль,

З іх сквапна пазіраў

Ашчэр звярыны.

 

Ў дзяўчат-падлеткаў

Выгляд быў такі,

Нібыта хтось

Сарваў у лузе кветкі.

Але сціскалі

Помсты кулакі

Нязломленыя

Хлапчукі-падлеткі.

 

А Коля ад усіх

Крыху ў баку

Стаяў, як большасць хлапчукоў —

Рашуча,

З адною толькі думкай:

«Уцяку!

Як я задумаў, будзе,

Гад смярдзючы!»

 

Мацнеў, а не сціхаў

Бяды набат,

З усіх бакоў

Штурхаў канвой шалёны.

Міколу,

Хлопцаў,

Маладых дзяўчат,

Загналі ўсіх

Ў цялятнікі-вагоны.

 

*

А колаў стук,

Як нейкі тайны код,

А думкі...

Думкі...

Хто мне дапаможа?

Няўжо свае я

Васемнаццаць год

Сустрэну на нямеччыне

Варожай?

 

І Колю стала жудка,

Хоць крычы,

Сярод такіх, як ён,

Бітком набітых.

Зноў думка пеканула:

Уцячы!

Ды як?

Няма тут шчыліны, лічы,

Ў вагонах-«люкс» для зэкаў,

Знакамітых.

 

З хвілінай кожнай,

Паднявольным ім,

Да рабскай невядомшчыны

Ўсё бліжай.

І кожны ўпотай думаў

Аб сваім,

І ўсе агульна —

Аб адным і тым жа.

 

І раптам —

Сярод жаху,

Думак,

Мар,

У гэтым спёртым,

Нежывым паветры,

Нібыта Бог дыхнуў

Хлапцу у твар

Адчуў аднекуль Коля

Свежы ветрык.

 

Ён азірнуўся пільна і —

Ого!

І ці ж магло

Не страпянуцца сэрца?

У самым версе

Вабіла яго

Крыху шырэй за шчыліну

Акенца.

 

Што першае

Хацеў зрабіць хутчэй —

Бліжэй!

Бліжэй да «волі»

Ірвануцца.

Але з усіх бакоў,

З грудзей,

З плячэй,

Яго сціскалі целы —

Не крануцца.

 

Мікола крыкнуў:

— Хлопцы, вунь акно!

Вунь неба ў ім!

Вунь неба нас праводзіць!

Мне б збегчы!

Збегчы!

На душы адно.

Хтось горка хмыкнуў:

— Вузкае яно.

І нам бы збегчы —

Марыць не пашкодзіць.

 

— Акно здаецца

Вузкае адсюль!

Ды я пралезу! —

Гарачыўся Коля.

Зноў хтосьці хмыкнуў:

— Не баішся куль,

Праціснуўшыся

Галавой на волю?

 

Ты, хлопец,

Не імкніся да бяды,

За кулі і за смерць

Спрытней няўжо ты?

Як заганялі нас

Сілком сюды,

Ты бачыў

На вагонах кулямёты?..

 

Ён ацаніў

Акенца вузіну:

— Я не прымаю

Засцярогаў ны́цце.

Я ўсё-ткі паспрабую,

Рызыкну —

Дапамажыце ўзлезці,

Падштурхніце.

 

Узрушыліся ўсе

Раптоўна тут,

Нібыта ўраз адкінуты

Сумненні,

Нібыта ён паможа

Здзейсніць цуд

І дасць ім волю,

Дзёрзкі летуценнік.

 

Рабілі піраміду

З гнутых спін,

Не заўважалі

Пот і боль —

Нічога.

Няхай бы збег хоць ён,

Хоць ён адзін,

І ў тым —

Усіх астатніх перамога.

 

Калі з акенца

Плюхнуў ён, як куль,

Калі клубком каціўся

Ўніз балюча,

Не чуў над галавою

Енку куль,

Бег у гушчар,

Абламваючы сучча.1

 

 

Нарэшце,

Абяссілены на мох

Зваліўся,

Як падсечанае дрэўца.

Не толькі бегчы,

Дыхаць ледзьве мог,

Лягло на цела

Сто пудоў, здаецца.

 

І раптам

Аж падкінула яго,

Адкуль яны ўзяліся

Толькі сілы.

Не толькі цела

Ён не чуў свайго,

Яго душа цяпер

Адчула крылы.

 

Я не ў палоне!

Вольны я!

Я збег!

Жыццё яго

Уздым пачуццяў поўніць.

О гэты тайны,

Лёсаў абярэг,

Не кожнага ён

Ад бяды заслоніць.

 

І раптам,

Успаміну горкі чад

Рэальнасцю абдаў

Няўмольнай Колю.

Успомніў ён

Тых хлопцаў і дзяўчат,

Якіх цяпер імчаў

Цягнік ў няволю.

 

І ён адчуў

З асобай вастрынёй

Іх страшны лёс,

Сам будучы на волі.

Дый лёс зямлі,

Апалены вайной,

Стаў дарагі для сэрца,

Як ніколі.

 

На волі сам?

Якая ж воля тут,

Калі вакол

Варожая аблога?

Ўся Беларусь

І сэрцу родны кут,

Вы пройдзеце

Праз безліч страт,

Пакут —

Праз барацьбу

Да вольных дзён дарога.

 

А што цяпер?

Як рушыць супраць зла?

Куды ён пойдзе,

Дзіўна ўратаваны?

І зноў надзея

Сілы надала —

Дык вось жа лес!

Дзе лес — там партызаны!

 

*

Туляўся Коля дзень і два,

Гублялася надзея,

Знікалі сілы без яды,

Жахліва хлапчуку.

Яго наведваць стаў адчай —

Куды падацца?

Дзе я?

А партызаны? Дзе яны?

Ў якім яны баку?

 

Аднойчы, стомлены ушчэнт,

Апоўдні у пякучай,

Сагнуўся на калені, каб

Напіцца з ручая,

Ды хтосьці гаркнуў за спіной,

Знянацку і рашуча:

— Стаяць!

І рукі угару!

Інакш страляю я!

 

Убачыў Коля малайца,

З вінтоўкай, пры парадзе,

Ён пільна й строга паглядаў

І ў вочы, і ў бакі,

Які аднекуль да яго

Цішком падкраўся ззадзі,

Чуць што — не будзе жартаваць

З затрыманым такі.

 

Устаў з каленяў Мікалай

І стаў, падняўшы рукі,

Ён зразумеў, што напаткаў,

Якраз шукаў каго.

Што партызанаў адшукаў,

Прайшоўшы пекла мукі,

Што мара здзейсніцца, яна —

Вось, на шляху яго.

 

У Колі слёзы на вачах,

Камяк у горле душыць,

Аказваецца й радасны

Ў жыцці бывае шок.

І ён не мог стрымаць сябе,

І крыкнуў на ўсе вушы:

— Я вас шукаю, партызан!

Я свой!

Я свой, браток!

 

— Маўчаць! — пачулася ў адказ,

І зноў нязменна строга.

І Коля рады, што пачуў ён

Строгасць, а не злосць.

— Вас шляецца па ўсіх лясах,

Такіх сваіх тут многа,

Ану-ка тупай весялей,

Праверым, хто ты ёсць.

 

Нарэшце, партызанскі стан —

Зямлянкі,

Людзі,

Коні,

Хтось чысціць зброю,

Хтосьці курыць

Ці пад нос пяе.

І сэрца радасны салют

Ударыў Колю ў скроні —

Ён свой цяпер сярод сваіх,

Тут родныя, свае.

 

Але ад самых першых слоў

Адчуў ён незгамоннасць,

І ўсё, аб чым расказваў ён,

Ляцела бы ў сцяну,

Ў сцяну халодных поглядаў,

Ў глухую падазронасць,

А ўцёкі з поезда яго,

Лічылі за ману.

 

Была у СМЕРШа мэта мэт —

Прадухіліць звышстраты,

Ад дырэктывы ад сваёй

Не адхіляўся ён

Лепш знішчыць, хай сабе і сто,

Зусім невінаватых

Калі схаваўся паміж ста

Хаця б адзін шпіён.

 

І нішчылі, бо той шпіён

Мог паўплываць на бітвы,

Ў якіх загінала б не сто,

А тысячы салдат.

Таму ў вайну быў не адзін

Сваімі свой забіты,

Хто даказаць ніяк не мог,

Што ён не вінават.

 

Вось так забітая была

Пасля дазнанняў жорсткіх,

Бо падазронасць ад сябе

Яна не адмяла —

У дзевятнаццаць год сваіх

Дзяўчына-патрыётка,

Смерць за патрыятызм —

Такая вось цана.

 

І зноў з-за дырэктывы той

Яе закатавалі,

Суровы гэта быў закон

Ваеннае пары...

Ляжалі доўга костачкі

Ад той Кухцінскай Валі2

На сумным мху пасля вайны,

Ў Карпілаўскім бары.

 

І тут, над Колею павіс

Закон вайны суровы,

Хоць кулакамі ў грудзі біў —

Ці злітуецца СМЕРШ?

І тут не верылі яму,

Бо словы — толькі словы,

Наплесці можна шмат чаго —

Ў душу не зазірнеш.

 

Прысуд быў жорсткі:

— Расстраляць!

Без іншых варыянтаў!

(Вось ты і свой сярод сваіх...

Тут вечны твой прычал...

Адпомсціў і адваяваў ты

Супраць акупантаў,

Змяніўшы рабства на такі вось,

Жудасны фінал).

 

 

І тут над Колем меч павіс,

На жаль, несправядлівы,

Не адкруціцца ўжо яму

Ад крыўднага канца.

Але не толькі ў казках ёсць —

І тут канец шчаслівы,

Які ў апошнюю хвіліну

Напаткаў хлапца.

 

Ішоў ён моўчкі на расстрэл,

За ім канвой суровы,

А тут насустрач партызан,

Бывалы, пры вусах.

Да Колі, нібы праз туман,

Даносіліся словы:

— Спыніце, хлопчыкі, хаду!

А гэта што за птах?

 

— Вядзём шпіёна мы...

Ў расход... —

Сказалі канваіры.

Зірнуў бывалы партызан:

— Я бачыў яго дзесь...

Скажы мне, хлопча, пра сябе,

Ды хуценька і шчыра —

Адкуль ты?

Прозвішча тваё?

Ды у ману не лезь.

 

Усё назваць, як на духу,

Быў Коля вельмі рады,

І навакольных вёсак шмат,

І прозвішчы,

Й калгас.

— Дык сам я, хлопча, з вёсачкі

Вялікія Бясяды,

А ўжо Карпілаўка твая,

За пяць вярсцін ад нас.

 

А часам ты не гарманіст?

Тут Коля расхрабрыўся:

— Ды вечарынкі я іграў

Па нашай старане.

Было — ў Бясядах адзін раз

Я лішняга напіўся,

Ледзь не парэзалі хлапцы

Тады гармонік мне.

 

*

Вось дзіўны выпадак, які

Жыцця, бясспрэчна, варты,

Падзеі неслі юнака,

Нібыта снежны ком.

І ён, насуперак вайне,

Да мэты йшоў упарта —

Ён быў залічаны ў атрад

І стаў падрыўніком.

 

Наступным днём адразу ў бой

Ля вёсачкі Каледзіна,

Тут страх адчуў ён першы раз

І на спіне мароз,

Але убачыў, гіне як

І уцякае гадзіна,

Тут быў захоплены тады

З трафеямі абоз.

 

Праз колькі дзён быў цяжкі бой

Ля вёсачкі Засулле,

Разбіты быў у гэты дзень

Нямецкі гарнізон.

Тут атрымала па зубах

Фашысцкае разгулле,

І Коля — з карабля на баль —

Жыццё, як дзіўны сон.

 

Але ж ён быў падрыўніком,

Лічыўся дзёрзкім, лоўкім,

Чыгунку схаланаў падрыў,

Як памінальны звон.

Тут ён і Ліс,

Пятроў і Смоўж —

У групе Дубатоўкі,

Ля Коласава спецсастаў

Пусцілі пад адхон.

 

А на шашы, што йшла на Мір,

Зноў падрыўное крэда

Дэманстравалі немцам зноў,

Бясстрашныя яны.

Тут Абламейка, Коля, Войніч —

Група Маламеда,

Ў паветра ўздыбілі аўто,

А ў ім — бітком чыноў.

 

Былі баі амаль штодня

І дзейнасць падрыўная,

Яны амаль аднолькавыя

Й розныя былі.

І было бачна, што вайна

Праклятая канае —

Прагналі немцаў з Беларусі,

З роднае зямлі.

 

І Коля з гонарам ішоў

Па вуліцах сталічных,

Сярод такіх жа партызан,

І іх вітаў народ.

Было удзельнічаць тады

Ў парадзе гістарычным

Не толькі гонар баявы —

Ўзнагарода ўзнагарод.

 

*

Пайшоў мой брат даўно з жыцця,

У маладым узросце —

Кантузіі, раненні,

Не прайшлі яны дарма.

Сустрэў вайну калісьці ён

У ранняй маладосці,

Яна прыйшла пазней за ім,

Як ранняя зіма.

 

Якія сціплыя яны,

Падзей ліхіх салдаты,

Іх не распытваў я ў свой час,

Цяпер сябе кляну.

Не чуў ні разу я пазней

Ад брата ці ад таты

Пра фінскія баталіі

Й Айчынную вайну.

 

І сёння горка й сумна мне,

Й па-свойму я шчаслівы,

Бо сэрцам я і памяццю

Паглыбіўся ў той час.

І як жа добра, што жывуць

Жыццём падзей архівы,

Жывуць жыццём і тых людзей,

Пакінулі што нас.

 

І сёння ў Беларусі ўсіх —

Жывых і мёртвых славяць,

Тых, хто Радзіму ўратаваў,

Глынуў пакутаў шмат...

Ды не патрапілі яны

Ў святую кнігу «Памяць»,

Хаця прайшлі цераз вайну,

Ні тата мой, ні брат.

2019

1 Давидович Николай Федорович в партизанский отряд им.

25-летия ВЛКСМ бригады им. маршала СССР Жукова прибыл

добровольно, сбежал с поезда при отправке на работу в Германию, на

участке ж. д. Барановичи – Брест. (З архіўных дадзеных)

2 У 1943 г. у Карпілаўскім бары была расстраляная партызанамі

па падазронасці ў шпіянажы Кухцінская Валя, якая з Мінску

падалася ў лес да партызан змагацца з ворагам.

(З архіўных дадзеных).


2019

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.