epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Час жыцця майго

Том прачытаць — гэта не сшытак,

А восем?..

Час жыцця майго...

Прабач, чытач, не злуйся, крытык,

Я — летапісец — і ўсяго.

 

Я — засяроджаны аматар,

Саўдзельнік многіх спраў, падзей,

У большасці — я іх сааўтар,

Сучаснік лёсаў і людзей.

 

Падзеі роднае старонкі,

Ўсё, што перажывалі мы,

Ляглі у творы на старонкі,

Старонкі клаліся ў тамы.

 

Шукаў з прыродай раўнапраўя,

Яна — аркестр, я — струна.

Усё праз сэрца прапускаў я,

Што надыктоўвала яна.

 

Я быў жыццём і біт, і кручан,

Я быў яму, як першы блін.

Я — ёсць яго старанны вучань

І не заўжды любімы сын.

 

Ў пакутах, радасцях і горы

Зашмат дылем і тэарэм,

Таму у творах, праз паўторы

Вяртаўся да балючых тэм.

 

Ёсць тэма «мама», ёсць «каханне»,

«Маленства» ёсць, «Радзіма» ёсць.

Яны і вабяць да вяртання,

Іх глыбіня і прыгажосць.

 

Каб іх раскрыць, тамоў не хопіць,

Жыцця не хопіць на «Паўтор».

Яны ва ўсе часы шматкропяць,

Бо кропка — памяці дакор.

 

Чытач і аўтар паасобку

Не могуць праз вякі ісці.

Я і ў тамах не стаўлю кропку,

Не стаўлю кропку і ў жыцці.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.