epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Цэлы свет за спіной

Ноч спусцілася на зямлю,

Спіць наўколле пад зоркай Венераю.

Ноч глыбокая — я не сплю,

Плечы згорбіўшы над папераю.

 

Месяц сеў на маім плячы,

Сваім дзіўным святлом пяшчоціцца.

Штоб яшчэ напісаць? Аб чым?

Свет вялікі, а што ў ім робіцца?

 

Недзе сушыць, а дзесь ліе,

Недзе дзень, а ў кагосьці раніца.

Многім грошай на хлеб не стае,

Хтосьці недзе ва ўсю рэстараніцца.

 

Нараджаюцца, жэняцца, мруць,

Чалавецтва грашыць і моліцца.

Адны сеяць, другія жнуць

І на ніве чужой раздоляцца.

 

Хтосьці хваліць свой лёс, хто кляне,

Хто святкуе, хто горам уздыблены.

Свету цэламу не да мяне,

Не да думак маіх заглыбленых.

 

Мне, ў адрозненні ад падзей,

Ад таго, што у свеце робіцца,

Сэрца дужа баліць за людзей

І не спіцца, й адказна творыцца.

 

І не сплю, і пішу для таго,

Каб знікалі жыцця заняпадзіны.

Сілай вершаў і духу свайго

Спачуваю, на колькі мне дадзена...

 

Я і гэтая ноч са мной,

І на небе злаціначкі-ягады.

Цэлы свет за маёй спіной —

І няма адступаць куды.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.