epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Хараство

Пакацілася сонца за лес,

Туманы да ракі паплылі.

І здаецца, што шаты нябес

Раптам сталі бліжэй да зямлі.

 

І сціскацца пачаў далягляд

Да акругласці веліч-шатра.

Хутка ноч й залаты зоркапад —

Залатая ўлюбёных пара.

 

Сэрца, поўнае казачных мрой,

Прывітае жыццё і вясну.

Прачынаецца дзіўны настрой,

А зямля адыходзіць да сну.

 

Вунь, да месяца дуб-хмарачос

Прагна цягнецца голлем сваім.

Дзе ні глянь — непаўторнасць дзівос,

Хараство — не нацешыцца ім.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.