epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Хімера

Зрабіў узлёт тэхнічнай эры

Прывычнымі у нашы дні

Жалезарудныя кар’еры,

Сталеплавільныя агні.

 

Затым — і розум электронны

З жалеза й розных мікрасхем,

І безліч неадушаўлёных

І аўтаматык, і сыстэм.

 

І злосны чалавечы геній

Прымусіў сталь страляць, калоць —

Было б жалеззе, а мішэнню

Яно заўсёды знойдзе плоць.

 

О, колькі геній той знявечыў

Жыцця, людзей — «наламваў дроў»

Забыўся геній чалавечы,

Што сам смяротны — плоць і кроў.

 

Але і ён з таемным жалем

Паказвае ўгару маўчком:

Палітыкі кіруюць балем,

Славутым «спускавым кручком».

 

Як проста ўсё — шахцёр, вучоны,

Палітык і... жалезны смерч.

І завіхурыць баль шалёны,

І смерць мільённа родзіць смерць...

 

А на другім баку планеты,

Зноў, пачынаючы з руды,

Плугі народзяцца, ракеты —

Вытокі працы і бяды.

 

І ў іх свае праблемы-мукі,

He толькі на карысць людзей.

І там не дрэмлюць, склаўшы рукі.

А вынаходзяць шмат ідэй.

 

І паліва для розных мэтаў,

і электронны інтэлект,

І, сёння ўжо няма сакрэту,—

Знішчальна-ядзерны праект.

 

І там, у логаве драпежным,

Ракеты прагнуць дня свайго...

На спускавым кручку замежным

Напругся палец —

Хто каго?

 

*

Пакуль у слоўніках замежных

І ў нашых слова ёсць «вайна»,

У свет рэальны непазбежна

Ўварвецца некалі яна.

 

Пакуль ствараюць людзі зброю

І ўдасканальваюць яе,

На усёй зямлі, усё жывое,

Недаўгавечна існуе.

 

Адстойваць чалавецтву трэба

Апошні выжывання шанц,

Бо зброі сёння больш, чым хлеба,

А гэта страшны дысбаланс.

 

Калі ўжо свет дыхне спакойна,

Адкіне недавер, адчай?

Зямля стамілася ад войнаў,

Крыві напілася «праз край».

 

І зноў бяруцца за старое —

І востраць за халяву нож.

Зноў назапашваецца зброя

Для войн знішчальных — для чаго ж?

 

Нявечыцца зямля без жалю,

І рвуць са стомленай зямлі

Руду, жалеза, суперсталі —

І крохкі мір кладуць на шалі

Й ракеты, танкі, караблі.

 

Ды там, дзе тонка, там і рвецца,

На валаску вісіць Сусвет.

Зямля ж карміцелькай завецца —

He парадзіхаю ракет.

 

*

Што б ні казалі, а жывое

І ў нежывым жыве, відаць.

Таму бязлітасная зброя

Павінна чуць і адчуваць.

 

Руда і кожная травінка,

Лясы, жытнёвыя палі,

І зброя ўся — зямлі часцінка.

Адкуль яны? Усе з зямлі.

 

Зямля — выток дабра нязменны,

А калі так, усё, што ў ёй,

Нябачна, на узроўні генным,

Напоўненае дабрынёй.

 

І ўсё ж жывецца без турботаў

Зямлі й зямлянам да пары —

Ракеты ў шахтах, самалёты,

Нібы перад кідком звяры.

 

Вачамі смерці пільна, грозна

Глядзяць на свет пакуль жывы.

І ген знішчэння — рана, позна,

Курок націсне спускавы.

 

*

Зямля — для ўсіх жывых — надзея,

Тых, хто імкнецца да святла.

Зямля, як казачная фея,

Усё ж паўстала супраць зла.

 

І, каб не спрацаваў ніколі

Звышзасакрэчаны сакрэт,

Зямля сваім магнітным полем

Змяніла коды ўсіх ракет.

 

Ператварыла ў вояў сонных

Радары розных далячынь,

Аўтапілотаў электронных,

Санары донных субмарын.

 

Ваенны арсенал магутны,

Хоць выгляд застрашальны меў,

А ўсё ж нябачна і нячутна

Стаў, нібы папяровы леў...

 

Настала «рана альбо позна»

Для ўсіх жывых і для зямлі,

Калі палітыкі бязбожна

Ваенным загадалі: — Плі!

 

Але не рынуліся роем

Ракеты ў чорнай вышыні.

Таму зямля і ўсё жывое

He зніклі ў ядзерным агні.

 

І ранак новы над планетай

Распачынаў дарогу дню,

А зброя ўсіх радоў і мэтаў

Ператварылася ў гульню.

 

Пайшла на пераплаў нанова,

Нібыта непатрэбны лом,

Каб хтосьці зноўку безгалова

He трызніў спускавым кручком.

 

А медыцына ўсяго свету

Без адпачынку і без сна

Шукала, як бы знішчыць гэту

Бацылу з назваю «вайна».

 

Ды дзе знайсці такія лекі,

Каб свет пазбавіць ад пагроз,

Спыніць крыві бязвіннай рэкі,

Каб не ўпадалі ў мора слёз?

 

*

О, мары!

Мары чалавецтва!

Здзяйсненні вашы, як заўжды,

Побач з нязбытнасцю — суседства,

Кругі ў люстранасці вады.

 

О, мары!

Чалавецтва мары!

Вы знічкай падалі не раз.

Затоеных трагедый хмары

Супраць здзяйсненняў, супраць вас.

 

Вядуць у зман людзей мільёны

Аракулы: — Вайне шабаш!

А зброя — спрэс для абароны,

Яна — надзейны сябра наш.

 

І хоць хлусліўцам мала веры,

Не меншыцца яна — як гмах.

Нас мары кволыя, хімеры,

Трымаюць на сваіх руках.

 

Рэальнасць страху наганяе,

Урокі ўсіх часоў — не слых,

Што зброя не абараняе,

А без разбору забівае

Чужых, сваіх, малых, старых.

 

О, мары!

Мары чалавецтва!

Як верыць вам

зямны наш шар!

Суседства з зброяй —

гэта бедства

Для чалавецтва і для мар.

2010


2010

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.