epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Хітрасцю па хітрасці

Не было спасу ад жончынай звягі:

— Не пі... не пі!

Мацея пачало трэсці ад гэтых слоў горш, чым ад гарэлкі.

— Ці ж я часцей ці болей п’ю за астатніх? — спрабаваў астудзіць ён жонку.— Усяго сем разоў на тыдзень!

Але жонку астудзіць было немагчыма, бо за апошнія гады яна, як кажуць, распалілася да чырвані. Тады Мацей пусціўся ў хітрыкі — ён раптам захварэў. Раніцай не ўстаў з ложка і не пайшоў на працу.

Жонка занепакоілася:

— Трэба выклікаць «хуткую»!

— Я сам! — рашуча прастагнаў Мацей і набраў нейкі нумар тэлефона: — Алё! «Хуткая дапамога»? Прышліце тэрмінова доктара — паміраю! — І паклаў трубку, не назваўшы нават хатняга адраса.

Жонку гэта здзівіла і насцярожыла, але яна дыпламатычна змоўчала.

Праз паўгадзіны пачуўся званок у дзверы і ў пакой увайшоў хударлявы мужчына з даволі пакамечаным тварам. Дастаў з сумкі гэткі ж, як і твар, пакамечаны, даўно не мыты белы халат, апрануў яго і наблізіўся да «хворага».

— На што скаргі?

— Не ведаю, як і сказаць, доктар,— пачаў Мацей,— але, мусіць, я паміраю...

— Што вы пры гэтым адчуваеце? — запытаўся доктар.

— Адчуваю я,— працягваў Мацей,— адчуваю ўсё разам... Але, асабліва раніцай, па ўсім целе бегаюць нейкія дрыжыкі ды калатунікі... Есці не хочацца, нічога не міла — хоць памірай.

Доктар узяў руку хворага, памацаў пульс, загадаў паказаць язык.

Аліна, Мацеева жонка, моўчкі з цікавасцю за ўсім назірала.

Мацей стагнаў, курчыўся, сягаў, быццам і сапраўды канае.

— А ці спрабавалі вы,— пытаецца доктар у хворага,— прымаць перад ядой спірытуамідальныя прэпараты?

— Не, доктар, не спрабаваў! — залыпаў вачыма Мацей.— А як гэта?

Доктар звярнуўся да Аліны:

— Ці знойдзецца ў вас бутэлька гарэлкі?

Аліна ажывілася, быццам толькі і чакала гэтага пытання:

— Як жа! Для медыцыны ды для выратавання смяртэльна хворага мужа — знойдзецца!

Тут ажывіўся і «смяртэльна хворы»:

— А як тыя прэпараты прымаць, доктар?

— Не спяшайцеся, зараз пакажу!

Калі Аліна прынесла гарэлку, доктар урачыста ўзяў пляшку ў рукі і таямніча спытаўся:

— Вы ведаеце, якая сусветная эмблема медыцыны? Правільна! Змяя лезе ў кілішак! А чаго яна туды лезе? Зноў правільна! Таму што ў гарэлцы вялікая ратавальная моц! О-о, Гіпакрат не быў дурнем!.. А цяпер,— доктар настойліва параіў Аліне,— пакіньце нас, калі ласка, сам-насам з хворым, бо працэдура чакаецца даволі непрыглядная, яна патрабуе моцных нерваў, а вы, я бачу,— жанчына далікатная.

— Дзеля святой справы я пакідаю вас! — весела пагадзілася Аліна і пайшла ў другі пакой.

Праз пэўны час расчырванелы і павесялелы доктар развітваўся з гаспадыняй і раіў:

— Цяпер хворы сам ведае, як прымаць спірытуамідальныя лекі, галоўнае, забяспечвайце яго кожны дзень бутэлькай гарэлкі. Працэдуру нельга перапыняць ні на адзін дзень, бо хворы памрэ...

Наступнай раніцай завойкала ў пасцелі Аліна.

Мацей спалохаўся:

— Што з табой?

— Не ведаю. Трэба выклікаць «хуткую дапамогу», бо да вечара я не дажыву.

— Зараз! Зараз выклікаю! — замітусіўся Мацей.

— Не трэба, я сама! — спыніла яго Аліна.— Ты ж у мяне смяртэльна хворы, ляжы роўненька! — І набрала нейкі нумар тэлефона.

Праз хуткі час у кватэру ўвайшоў высокі, прыгожы мужчына, апрануў бялюткі халат і наблізіўся да хворай.

— На што скаргі?

— Ведаеце, доктар, раніцай і вечарам, а бывае, і ноччу, адчуваю ва ўсім целе нейкую салодкую млявасць — хоць памірай...

Доктар крыху падумаў, зірнуў на Мацея і спытаўся ў Аліны:

— А ці спрабавалі прымаць сексапарамідальныя прэпараты?

— А што гэта за храновіна такая? — насцярожыўся Мацей.

— А гэта, шаноўны, мужчынскія ласкі тры разы на дзень перад ядой!

— Ого! — усклікнуў смяртэльна хворы.— Дзе ж іх набрацца?

— А як гэта прымаць, доктар? — у сваю чаргу пацікавілася Аліна.

Доктар зноў зірнуў на Мацея:

— Пакіньце, калі ласка, мяне сам-насам з хворай, бо гэта працэдура патрабуе моцных нерваў, а ў вас выгляд нейкі кволы.

Аліна ажывілася:

— Там, у халадзільніку, даражэнькі, стаіць бутэлька з спірытуамідальным прэпаратам, пакуль я буду тут прымаць сваю працэдуру, ты там лячыся, ратуйся ад смерці, як табе і загадаў твой доктар.

— Што-о! — зароў Мацей.— Што яшчэ за працэдуры?! Які чорт панавыдумляў дактароў? Ды чхаць я хацеў на сваю спірытуамідальнасць! Гані вон з кватэры і ты сваю сексерундыстыку! — І Мацей шырока расчыніў дзверы, выпіхваючы праз іх высокага, прыгожага мужчыну.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.