epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Хітрун

Іду па вёсачцы —

хлапец-малец,

Да сябра, з канцавой,

апошняй хаты.

Іду па вёсачцы —

з канца ў канец,

Імкнуся несці гонар

мамы й таты.

 

Таму гляджу

на два бакі ўвесь час,

На кожны двор —

уважліва, старанна.

Фасонюся:

— Вітаю, дзядзька, вас!

Лагоджу:

— Прывітанне, баба Ганна!

 

У вёсцы ўсе —

нібы адна сям’я,

Мае вітанні —

не цяжкая праца.

Ды не такі ўжо

й выхаваны я —

Хітрую больш,

каб людзям спадабацца...

 

Эх, колькі год мінула

з той пары!

Не мала іх,

ды і падзей не мала.

Не толькі зніклі

хаты і двары

Не стала тых людзей,

Даўно не стала.

 

Іду па вёсцы

і душой крычу,

Бо мала што

ад вёскі засталося.

О, як я сёння

«хітраваць» хачу:

— Вітаю, дзядзька Юрка,

цётка Зося!

 

Вітаю ўсіх, аднавяскоўцы, ўсіх,

Без хітрыкаў малечых,

сёння — шчыра...

Не дакрануцца слоўмі

мне да іх —

Вяскоўцы адляцелі

ў вечны вырай.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.