epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Хітрыкі вакол паўлітрыкі

Вітаючы суседа і не выпускаючы яго руку са сваёй, Адолік жаласліва выводзіў:

— Што нарабілася! Што натварылася!..

Пятрусь, не пытаючыся, што ў сябра за бяда, дыхнуў на яго аптымізмам:

— Што нарабілася, тое і назад адробіцца.

Адолік выпусціў з потнай далані сябраву руку і трагічна закаціў вочы:

— О не! Такое назад не адробіцца! Супраць такога дактары ўсяго свету — луска!

Пятрусь крыху занепакоіўся:

— Кажаш, дактары? У цябе што, жонка захварэла ці хто?

— Каб жа так! А то мяне самога перакруціла, як шрубу з правай разьбы на левую! — Адолік крутнуў рукамі вакол галавы, дэманструючы шрубу з левай разьбой.

Пятрусь ціскануў плячыма:

— Не ведаю, што гэта за шруба такая, але ж на табе нічога не відаць — ні левай разьбы, ні правай. Адно толькі — што рука спацелая.

Адолік схамянуўся:

— Дык у тым і ўвесь жах маіх пакутаў, што на мне нічога не відаць! Нешта затаілася ўсярэдзіне, на самым дне, а што — сам не разбяруся.

Пятрусь вывучыў здольнасці сябра да розных «вінтоў», але хто яго ведае... Здароўе — даволі ненадзейны скарб: сёння — ёсць, заўтра — шукай яго, гукай, ды не заўсёды адгукнецца. Таму Пятрусь занепакоена спытаўся:

— Дык што з табой, браток?

Адолік прыклаў да рота даланю, нахіліўся да сябравага вуха, збіраючыся шапнуць яму нейкую тайну, але не шапнуў, а рэзка і гучна секануў у самае вуха:

— Не бярэ!

Пятрусь здрыгануўся, адкінуў галаву, пакруціў пальцам у вуху, нібы вычышчаючы аглушальнасць сябравых слоў, і перапытаў:

— Што-о-о?

Адолік, у сваю чаргу, здзівіўся з такой някемлівасці і цяпер ужо шэптам датлумачыў:

— Не п’янею! Не п’я-не-ю-ю!

— А каб ты выкаціўся! — абурыўся Пятрусь.— А ўчора хто клыпаў дахаты, трымаючыся за плот? Ты ж на нагах не стаяў! А сёння — «не п’янею»! Дурыш мне галаву!

Адолік зноў згроб потнай даланёй сябраву руку:

— Учора?! Ты што? Ды я за плот трымаўся для фацэту, для праформы! Ты выслухай, а потым гавары. Не бярэ! Не п’янею! Пераводжу толькі гарэлку, лію яе ў горла, як памыі праз плот.

Пятрусь, не будучы дурнем, абыякава адказаў:

— Ну, не бярэ. Ну і што з таго?..

Адолік насядаў:

— Як «што з таго»? П’ю і не магу напіцца! Табе гэтага мала?

— Мала,— адказаў, зяхаючы, Пятрусь.

Адолік ускіпеў:

— Мала? Дык мала не будзе! Гэта нейкі вірус, хвароба, эпідэмія, зараза! Уяві, што ты дыхаеш і не можаш надыхацца, спіш і не можаш адаспацца, ясі і ўвесь час галодны! Калі мяне своечасова не ўратаваць, па хатах пракоціцца мор, як сенакос па лузе.

— Ды плюнь ты праз левае плячо! Пры чым тут вёска да тваёй хваробы?

Адолік застагнаў:

— О-о! Каб мне вярнуцца ў адвечнае ўлонне майго душэўнага стану! Любоў да апошняй кузуркі на зямлі! Адчуванне еднасці з самым недапечаным дурнем! О-о! Пятрусь, мы з табой — браты адной цыцкі, мы з табой...

— Хопіць! — абсек сябра Пятрусь.—Хадзем да мяне, налію табе такога першаку, што з носа дым папрэ, а з вушэй полымя зашугае. Калі і сапраўды не возьме — збярэм вясковы сход, параімся, з якога боку да тваёй хваробы падыходзіць...

Пасля чацвёртага кілішка Адолікаў язык заплёўся ў тугі вузел.

— Ты ж казаў, не бярэ! — раззлаваўся Пятрусь.

— Ці ж наліў бы ты мне, каб я сказаў штосьці другое? — прамармытаў Адолік, ледзь выходзячы з хаты.

 

* * *

Пяршак у Петруся быў пякучы. Праўда, з носа дым не паваліў ды і з вушэй, як абяцаў Пятрусь, агонь не шугануў. Затое ногі завіліся ў вяроўку, а ў мазгах так закалаўроціла, што Адолік не памятае, як дабраўся дамоў і што было далей.

А далей амаль нічога і не было. Агата, яго жонка, добра вывучыла, што ў такім стане муж як тая доўбня, хоць аб сцяну бі яго галавой, нічога не даб’ешся. Адно толькі сказала, укладваючы Адоліка:

— І які дурань табе налівае кожны дзень?

А вось раніцай «доўбня» ператваралася ў мякіш, з якога можна было сёе-тое ляпіць. Трэба аддаць належнае Агаце, якая адпавядала сваёй мянушцы Шведка,— зранку яна прыкладала шмат намаганняў, каб вылепіць з мужа чалавека.

— Нахлябтаўся! Зноў учора недзе нахлябтаўся! — пякучымі аваднямі тнулі Адолікаў слых жончыны словы.— Скруціў ты ўсё маё жыццё ў тугі вузел! Праз цябе мае нервы зрабіліся танчэйшыя за валасінкі!

Адолік сядзеў ля стала скамечаны і нячэсаны, скардзіўся:

— Ды і мяне скруціла сёння, як шрубу з левай разьбой...

— Здохнеш! Захлынешся ёю, а я пасмяюся! — насядала жонка.

— Ды я... гэта...— штосьці мармытаў Адолік, хоць жончыны напады чуў, пэўна, тысяча першы раз, таму адрэналіну ў кроў яны не дадавалі. Але Адолік мусіў неяк апраўдвацца, бо хто ж любіць звягу?

Раптам Агата змяніла тактыку, а магчыма, і жаночую стратэгію. Яна спрытна саскочыла з высокіх нотаў на ласкавыя гукі:

— Адолічак! Адзік! — абняла яна мужа, сеўшы побач з ім.

— Ты што? Табе чаго? — спалохана адсунуўся Адолік, бо такой Шведку яшчэ не бачыў.

Тут самы час патлумачыць, адкуль гэткая мянушка ў вясковай жанчыны, якая пра Швецыю, магчыма, і чула, але наўрад ці ведае, у якім яна баку. Справа ў тым, што ў некаторых гаспадароў пачалі з’яўляцца ўласныя бензапілы, такія, як «Дружба» ці «Урал». Гонару ў тых гаспадарлівых мужчын хапіла б на ўсю акругу, але Васіль Камель, жыхар гэтай жа вёскі, прыдбаў сабе шведскую бензапілу. Што гэта за піла! Лёгенькая! Зручная! Надзейная! А галоўнае — уедлівая, угрызлівая, бо ланцуг у яе танчэйшы, канфігурацыя зубоў мудрагелістая, ды і матор круціцца значна хутчэй. Гэтай «шведцы» ўсё адно — дуб ці кавалак масла, перагрызае як шалёная.

З тае пары, як Камель нажыў сабе такую пілу, пачалі мужыкі зваць Адолікаву жонку Шведкай, бо тая пілавала мужа, хоць, калі паміж намі, было за што. Але гэта — паміж намі!..

Вось чаму пасля падазронай жончынай ласкавасці Адолік спужана адсунуўся і толькі паўтараў:

— Ты што? Табе чаго?

— Адолічак! Адалюньчык! — лашчылася Шведка, гатовая ў любы момант грызануць мужа, як шведская піла тутэйшы дуб.— Скажы, Адзік, ці хочаш ты, каб я стала жонкай кагосьці іншага?

Тое ж пытанне, якое ўвесь час мармытаў Адолік, зноў вылецела, як выбух:

— Ты што?!

— А-а, спужаўся! — засмяялася Агата.— Глянь на мяне цвярозымі вачыма: я прыгожая, я гладзенькая, я прываблівая... Ну, бачыш? А цяпер зірні на сябе ў люстэрка. Страхалюдзіна!

Адолік зірнуў, але не ў люстэрка, а жонцы ў вочы:

— А ты што, збіраешся да другога?..

— Не-е! — распеўна адказала жонка.— Гэта ты ад мяне сыходзіш.

— Ты што? Куды? Нікуды! — запратэставаў Адолік.

— А туды, адкуль не вяртаюцца ніколі.— І Агата ткнула пальцам невядома куды.

Адолік хмыкнуў:

— І ў галаве не было нічога такога.

Але Агата ласкава працягвала:

— Дык вось, даражэнькі... Магчыма, сорак дзён пасля тваёй смерці я патрываю, ну, ад сілы год, каб людзі не звягалі. А потым — гаспадарцы патрэбен гаспадар, а гаспадыні — уладар.

— Ты здурнела! — ускочыў Адолік.— Я яшчэ жывы і цёплы, а ты...

Агата засмяялася:

— Не пі, і тут нават духу мужчынскага не будзе, акрамя твайго.

Адолік уздыхнуў:

— Лёгка сказаць — «не пі»... Вось ты мяне загрызаеш жыўцом, а я і залечваю душы неспакой, утаймоўваю арганізма пакуты...

— А ты думаеш, я не пакутую? Думаеш, не ведаю, што вы мяне Шведкай абазвалі? Шведка дык Шведка! Ганарыся, што ў цябе загранічная жонка!..— Агата зноў надала гаворцы ласкавасці: — Голасу на цябе не павышу, не тое што загрызаць буду — толькі не пі. Адно будзеш чуць ад мяне: Адолічак ды Адалюньчык...

Адолік кумекаў штосьці сваё, паскрэбваючы патыліцу.

— А што будзе, калі на цвярозага бурай наляціш?

— Ніколі! — запэўніла Агата.

— І ўсё ж, што будзе? — дапытваўся Адолік.

— Тады,— рашуча сказала Агата,— самаруч напаю цябе да чорцікаў. Ці ж гэта не стымул?

— Найстымулейшы стымул! — узрадаваўся Адолік і ўстаў.— Урачыста абяцаю: пакуль сама мяне не напоіш — піць не буду! Па руках?

— Згода!

 

* * *

Адолік ішоў да сябра і ў галаве будаваў грандыёзныя планы.

— Не! Не так проста мяне перахітрыць! — гаварыў сабе ён.— Вы яшчэ вакол мяне паскачаце!..

З такім настроем увайшоў ён у хату да свайго сябра Генадзя Секача.

— Здароў, Генадзь! З Купаллем!

Было відаць, што Сякач крыху «пад градусам».

— А, Адолік! Ну што, шукаў ноччу папараць-кветку?

Адчыніліся дзверы з другой паловы хаты, і Домна, Секачова жонка, секанула:

— Будзеце вы, алкашы, кветку шукаць! Хіба пляшку?

— Усё, Домначка, адпляшыўся я! Не тое што завязаў, а, можна сказаць, крыж-накрыж дошкамі забіў! — урачыста абвясціў Адолік.

— Ха! Лічы, што я табе паверыла! — кінула Домна і зноў зачыніла дзверы.

Генадзь здзіўлена паглядзеў на сябра:

— А ты і сапраўды цвярозы! І нядзеля сёння, і Купалле, а ты як сляза!.. А-а, ніхто не наліў! Ну, тады частуйся чарніцамі! — І Сякач паказаў на міску з ягадамі на стале.

— Што мне твае чарніцы? Іду ў заклад, што...

— Ніякіх закладаў! — катэгарычна запратэставаў гаспадар хаты.— Хто толькі ні закладаўся з табой, усе прайгравалі, у тым ліку і я!

Адолік зашаптаў, каб не пачула Домна:

— Ды я табе такое прапаную, што сам пойдзеш у заклад са мной. Рукі мне цалаваць будзеш!

— Ну і што гэта за прапанова? — зацікавіўся Генадзь.

Адолік працягваў:

— Ты пад’ялдыкнуў, што ніхто мне не наліў. З цябе трохлітровы слоік «кавы»,— і Адолік пстрыкнуў сабе па шыі,— калі мая Агата напоіць мяне да чорцікаў. Згодзен?

— Твая Шведка? Цябе напоіць? Хутчэй рыбіна заспявае! — зарагатаў Генадзь і схапіўся за жывот.— У цябе што, белая гарачка пачалася? Ну ты і клоун!

— Дык згодзен ці не? — настойваў Адолік.

— Згодзен! Яшчэ як згодзен! — узрадаваўся Сякач.— А калі яна цябе не напоіць, ты скосіш мне лугавіну ад Тодаравай пасекі да рэчышча. Заўтра ж!

Цяпер ужо Адолік узрадаваўся:

— Будзе скошана! Па руках!

Зноў адчыніліся дзверы, і Домна насцярожана спыталася:

— Няўжо нейкія заклады? Абдурыць ён цябе, Генадзь, як Сіўка Саўку, дурань!

— Фігулькі! — ускочыў Генадзь і паказаў фічку.— Заўтра лугавіна будзе скошана да апошняй травінкі!

— Будзе! — бадзёра падтрымаў сябра Адолік, схапіў з міскі жменю чарніц, і абодва падаліся за дзверы.

За парогам Адолік рашуча загадаў:

— Твая справа цялячая, маўчы і сапі ў дзве дзіркі. Я буду рабіць і казаць тое, што палічу карысным сабе. Зразумеў? Ясна?

— Ясна, як цёмная ноч на Купалле! — адказаў Сякач.

Адолік старанна расцёр чарніцы вакол вока і выцер са шчакі ўсё лішняе. Атрымаўся добры «ліхтар» — камар носа не падаткне. Потым змяніў нармальную хаду на хісткую, абняў сябра і падаўся дамоў.

Генадзь з цікавасцю назіраў за пераўвасабленнем Адоліка і паслухмяна пайшоў побач з ім. Ён не мог пазбавіць сябе асалоды куснуць сябра:

— Заўтра ты будзеш касіць, а я — ляжаць на пракосе з трохлітровікам і рагатаць.

— Пабачым, хто будзе з касой, а хто з трохлітровікам,— спакойна адказаў той.

Калі паказалася родная хата, Адолік стаў хістацца яшчэ больш і зацягнуў песню, з якой заўсёды вяртаўся, будучы «пад кайфам»:

Эх, магіла, тры крыжы —

Памёр і ціхенька ляжы!..

Агата зірнула ў акно — знаёмыя выкрунтасы... Да вушэй далятала ненавісная песня. Яна застагнала:

— Толькі ўчора абяцаў... Толькі пачалі новае жыццё...

Дурная кроў стукнула ёй у галаву, засляпіла вочы, сперла дыханне.

Адчыніліся дзверы, і ў хату з вялікім сінячышчам пад вокам уваліўся Адолік з сябрам.

Эх, магіла, тры крыжы —

Памёр і ціхенька ляжы!..—

напоўнілі хату абрыдлыя Агаце словы.

Не помнячы сябе ад шалёнай злосці, Агата (цяпер ужо зноў Шведка) схапіла чапялу і з усёй сілы лупянула свайму валацугу па спіне.

— Зноў набраўся! Злыдзень! Атрута майго жыцця! — І пасля кожнага слова чапяла спраўна хадзіла па Адолікавых плячах.

— Ой! Стой! Ты што? — выкручваўся ад удараў Адолік.— Астудзіся, дурная баба! Зірні, я цвярозы!

Нарэшце Адолік перахапіў чапялу:

— Хух! Ой, мае плечыкі! Мае нырачкі! Агатка, золатца, я ж цвярозы!

— Цвярозы?! З такім сінячышчам? — лямантавала Агата.— А песню гэтую ты хоць раз спяваў цвярозы?

Адолік падышоў да лавы ля печы, ткнуўся некалькі разоў тварам у вядро з вадой, пафыркаў і выцерся ручніком.

— Ну? Дзе сінячышча?.. Глянь — на адной назе стаю! — І Адолік зрабіў «ластаўку», растапырыўшы рукі.— Во, дыхну! Нюхай! Ну, з’ела?

— Га! І сапраўды цвярозы! А я, дурная...— засвяцілася шчасцем Агата.

— Вось табе і «га»! — абурыўся Адолік, трымаючыся за сярэдзіну.

— Ну, прабач, Адолічак! — лісой падкацілася да яго жонка.— Але ж ты сам утварыў нейкі цырк.

Генадзь, які ўвесь час моўчкі назіраў за дзівоснымі падзеямі, не ўтрымаўся і гукнуў на Агату:

— Ты пакалечыла майго бясцэннага работніка! — Потым павярнуўся да Адоліка: — А ты не трымайся за свае пабітыя костачкі, ад касы не адкруцішся — трава перастаіць!

— А ён што, да цябе ў касцы наняўся? — здзівілася Агата.

— Заўтра ўсё пабачыш, дарагая суседка! — ухмыльнуўся Сякач.

— А ты забыўся дадаць: суседка-шведка! — падскочыла Агата.— Думаеш, не ведаю вас, аболтусаў? — Рэзка павярнулася да мужа: — Дык што ты павінен яму рабіць?

— А ты што абяцала зрабіць пасля таго, як аблаеш мяне цвярозага? Свайго Адолічка? Адалюньчыка? Дык ты не толькі аблаяла, але і аддубасіла мяне прынародна! За гэта — тры разы тое, што абяцала.

Агата разгубілася. Яна прыпомніла ўчарашняе абяцанне.

— А што? — залыпала яна вачыма.

— «Што! Што!» — перадражніў Адолік.— Тры па сто, вось што! Мне і майму сябру!

— А без гэтага нельга? — з надзеяй спыталася Агата.

— Без гэтага?..— Адолік зірнуў на Генадзя.— Сёння без гэтага ніяк не абысціся! Сёння гэта мне патрэбна, як кітайцу рыс!

Агата развяла рукамі:

— Што ж, сама напрасілася...— і пачала збіраць на стол.

Сякач застагнаў:

— Плакаў мой трохлітровік!..

Адолік дадаў:

— І твая лугавіна...

За сталом паднялі кілішкі:

— За Купалле! За папараць-кветку! За скарб, які даецца людзям у рукі купальскай ноччу!

Адолік падсеў да жонкі, абняў яе:

— А вось мой самы дарагі скарб! Скарб, які даецца мне ў рукі не толькі купальскай ноччу.— Павярнуўся да Секача: — А табе, Генадзь, раблю святочны падарунак — дарую прайграны табой трохлітровік, бо заўтра пачынаю новае жыццё!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.