epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Хлопчык-журавель

Любімым заняткам хлопчыкаў падчас летніх канікулаў, было запусканне ў блакіт неба паветраных змеяў.

А цяпер, калі да пачатку заняткаў у школе заставаўся нейкі тыдзень, вольны час бавіўся асабліва шумна і азартна.

Каб запусціць змея ў паветра, неабходна валодаць асобай спрытнасцю і ўменнем. Ды што такое запусціць змея ў паветра ў параўнанні з яго стварэннем? Дробязь! Змайстраваць яго ды адладкаваць яго лётныя якасці — вось гэта давалася далёка нямногім. Да таго ж, кожны стараўся надаць свайму тварэнню не падобную да іншых форму, ды яшчэ як мага мудрагелісцей размаляваць яго.

Карацей, работа гэта і тэхнічная, і творчая. Яна спрыяе развіццю ў чалавеку фантазійнасці і індывідуальнасці.

Весела было і цікава!

Тут трэба ўдакладніць немалаважную дэталь: дапамагалі хлопчыкам ствараць сваіх лятаючых змеяў іх таты.

Неяк вечарам Мацейка слёзна паскардзіўся свайму тату.

— Мой змей лятае ніжэй за іншых, ды і завальваецца ён увесь час на адзін бок... Маленькі ён нейкі і някідкі. Дапамажы, тата, зрабіць новага, лепшага за ўсіх змея.

Бацька ўважліва выслухаў сынаву скаргу і тлумачыць яму:

— Тое, што ён ў цябе такі нізкалётны, дык, пэўна, нітка твая кароткая. А з астатнім я паспрабую разабрацца — змайструем табе змея, усім на зайздрасць.

І змайстравалі! Змей атрымаўся вялікі і сваім абрысам нагадваў жураўля з шырока раскрытымі крыламі. Рыхтуючы яго да запуску, бацька тлумачыў Мацею:

— Тут патрэбен шнур ад бялізны, бо ніякая нітка яго не ўтрымае, парвецца. А запускаць яго будзем разам, бо аднаму табе яго не ўтаймаваць. Панеслі яго, сынок, на выган! Мацеевы сябры з цікавасцю абступілі месца запуску змея і з зайздрасцю назіралі за ўсім, што адбываецца.

— Накруці шнур на рукі! — крыкнуў Мацею бацька,— Моцна накруці і з усіх сіл трымай, а я разбягуся і шпурну яго ў неба. Гатова?

— Гатова! — бадзёра адрапартаваў Мацейка,— Запускай яго, тата!

Мацееў бацька жартаўліва крыкнуў, каб усе пачулі:

— Ад вінта! — і штосілы пабег па выгане з велізарнай птушкай на выцягнутых над галавой руках. У нейкі момант ён моцна кідануў жураўля ў паветра, і з дзіцячым захапленнем назіраў за яго імклівым узлётам. Пры гэтым ён забыўся на сына і не бачыў, як Мацейка з усяе сілы нацягваў шнур, каб кантраляваць сваё тварэнне, якое ўпарта імчала вышэй і вышэй.

Спачатку Мацейка бег следам за шнуром, затым ногі яго пацягнуліся па траве і ён адарваўся ад зямлі. Толькі цяпер бацька заўважыў, што хлопчык адчайна дрыгае нагамі ў паветры і набірае вышыню.

— Кідай шнур! — крычаў ён,— Адпусці шнур, Мацейка!

Але шнур, як загадваў бацька перад палётам, быў моцна накручаны на рукі хлопчыка...

Тут трэба раскрыць галоўны сакрэт,— усё адбываецца ў казцы. А ўсе казкі, як вядома, маюць заўсёды шчаслівы канец. Таму, будзем спадзявацца, што і Мацейка адкупіцца адным толькі страхам. Хаця...

Ляціць Мацей у паветры, моцна трымаецца за шнур. І хоць боязна глянуць уніз, настолькі высока яго ўзняў некіруемы журавель, але і гонар распіраў усяго хлопчыка:

— Я вышэй за ўсіх! Ура! Прэч з дарогі! — крычаў ён на варон, якія траплялі на яго шляху.

Раптам побач з Мацеевым самаробным жураўлём паказаўся клін сапраўдных жураўлёў, якія чамусьці зарана накіраваліся ў вырай.

Галоўны журавель, відаць, важак крыкнуў Мацею:

— Прыстройвайся ў хвост кліну, лягчэй будзе ляцець!

Мацея яшчэ працягваў распіраць гонар, таму ён рашуча адбіўся ад «хваста»:

— Ды ты што, даўгадзюбы! Мяне ў хвост? Я ніколі ў хвасце не цягаўся, я выдатнік!

— Ну, тады падмяні мяне, прыладжвайся на маё месца, будзеш за важака,— прапанаваў галоўны журавель,— здолееш быць важаком?

— Ага, хітранькі! Адказвай тут за вас, бязмозглых! — зноў не стрымаўся Мацейка,— Ды і ў школе ў нас не важакі, а важатыя. Разумець трэба!

— Ну, тады нам з такім, як ты, яршыстым, не па дарозе. Адхіляемся правей, журавы! — загадаў важак і клін пачаў аддаляцца.

— Ой, навошта ж я пакрыўдзіў добрых птушак? — абурыўся на сваю нястрыманасць хлопчык,— яж нават не ведаю куды мяне занёс мой журавель.

Мацейка з усяе сілы крыкнуў:

— А дзе мы знаходзімся? У Лапландзіі?

Важак быў добра выхаваны, таму не пакрыўдзіўся на дзёрзкасць хлопчыка і адказаў:

— Якая Лапландзія? Мы яшчэ за межы Беларусі не вылецелі! Вучыць геаграфію трэба, выдатнік!

У Мацея агнём пякло рукі ў тым месцы, дзе шнур урэзаўся ў скуру. Каб хутчэй паслабіць абмотку, ён не разлічыў і яго рукі выслізнулі з абдымкаў шнура.

Самаробны журавель, пазбавіўшыся вагі хлопчыкава цела, узмыў вышэй, а паветраны вандроўнік каменем паляцеў уніз.

— Ратуйце! Гіну! Дапамажыце!— залямантаваў ён у паветры.

На шчасце, жураўлі былі яшчэ не зусім далёка, і пачулі Мацееў лямант.

Важак паднырнуў пад хлопчыка і крыкнуў:

— Махай крыламі!

— У мяне няма крылаў!— крыкнуў у адказ Мацей.

— Тады махай рукамі!

Мацей камічна замахаў рукамі, але яго падзенне не спынілася.

— Жураўчык, родны, дарагі, дапамажы! — узмаліўся бедалага,— зрабі што-небудзь! Ты не даўгадзюбы, ты з мазгамі! Я бяру свае словы назад!

Журавель зірнуў у ніз, да зямлі было яшчэ далекавата, і спытаўся:

— Хочаш мець крылы?

— Не! Навошта мне крылы? — пагарачыўся з адказам хлопчык.

— Ну, тады праз хвіліну ты заб’ешся.

— Хачу, хачу, хачу крылы! — закрычаў Мацей і адразу адчуў, як яго рукі — ад плячэй да далоняў абраслі птушыным пер’ем.

— Махай! Махай крыламі! — загадаў важак.

Мацей няўпэўнена замахаў рукамі, цяпер ужо, сапраўднымі крыламі і паплыў у паветры.

— Можа хваста хочаш? — З усмешкай спытаўся важак.

— Якога хваста? Ды не трэба мне ён! — адгыркнуўся хлопчык,— А як я пазбаўлюся крылаў?— крыкнуў заклапочаны Мацей, але важак даганяў сваю стаю і да хлопчыкавых вушэй даляцела здаля:

— Вясной!.. Чакай мяне...

Мацей павярнуў на адваротны шлях і не ведаў — радавацца яму ці плакаць.

Ён не забіўся аб зямлю,— ён ляціць — і гэта радасць. Але ж ён пазбавіўся рук, а як без іх?

Хлопчык пільна ўглядваўся ўніз — зямля зверху падалася незнаёмай. Ён апусціўся ніжэй і заўважыў стужку рэчкі.

— Трэба ляцець уздоўж рэчкі, яна ж цячэ ля нашай вёскі! — не разважаў, а з задавальненнем крычаў ён, бо ведаў, што ў паветры, акрамя яго, нікога няма.

А вунь і вёска, вунь школа, у якую ён пойдзе праз некалькі дзён.

Мацейка ўголас жахнуўся:

— А як жа я пайду ў школу? У мяне ж няма рук!

Хлопчык павярнуў галаву ў адзін бок, у другі бок і з горыччу адзначыў, што пер’е вырасла ад плячэй да далоняў (ён нават пакратаў пальцамі), а за далонямі пачынаўся згіб крыла з доўгімі вялікімі пер’ямі, якія, пэўна выконвалі галоўную ролю лёту.

Пачало вечарэць, калі ён падляцеў да сваёй вёскі. Мацей мысленна адзначыў, што паказвацца на вочы людзям у такім выглядзе ён не можа, таму неабходна дачакацца цямна і непрыкметна праслізнуць у сваю хату.

Ён так і зрабіў. Апусціўся на зямлю, дачакаўся цемры і, прыціскаючыся да плотаў, забег дамоў.

— Сынок! — радасна ўскрыкнула маці, якая пакуль не заўважыла адсутнасць рук у сына.

— Ой, сынка... — заўважыў бацька птушынае пер’е па баках Мацея там, дзе павінны быць рукі.

Бацькі кінуліся да сына, а ён не ведаў, як сябе паводзіць і толькі ціха паўтараў, не ведаючы, каго суцяшае: ці бацькоў, ці сябе:

— Я жывы... Я жывы...

Крыху супакоіўшыся, бацькі выслухалі сумны расповед сына і абяссілена выдыхнулі:

— А што ж цяпер будзе?.. А табе ж, сынок, у школу хадзіць трэба, табе ж жыць...

Бацька горка ўсміхнуўся:

— Вось табе і на... Чалавек вякамі марыць аб крылах, а тут вось — гатовыя крылы, а радасці няма.

Мацейка асцярожна нагадаў:

— Журавель сказаў чакаць... ці вясны, ці яго — я не зразумеў.

— А што дасць вясна? — ускочыла маці,— Ды да вясны яшчэ дажыць трэба неяк! Не сядзець жа табе за печчу да вясны... А па-другое, абяцанка-цацанка, а дурань радуйся — шукай таго жорава.

— Пачакай,— спыніў жонку бацька,— магчыма тут штосьці звязана з тым журавом?

— З якім? — з надзеяй запытаўся Мацейка.

— Ты, сынок, быў яшчэ зусім малы, нават не хадзіў, калі я падабраў адной вясной раненага жураўля, які не мог лётаць,— задумліва ўспамінаў бацька і працягваў: — Усё лета ён жыў у нас, хадзіў за намі, як сабачка, а ўвосень адчуў сілы і, дзякуй Богу, паляцеў. Быў ветраны дзень, у вушах гудзела: гу-у, гу-у, там пасля ўзлёту таго жураўля, мне ў тым «гу-у-у» падалося: «Я лячу-у ці я адплачу-у». Мы з маці памахалі рукамі таму жораву і зажылі па-ранейшаму... Дык вось, магчыма той, наш журавель, неяк звязаны з тваім выратаваннем?

— Ды калі гэта было? — не стрымалася Мацеева маці,— І ці жывы той журавель, хто ведае...

Усю ноч бацькі раіліся, шукалі выйсце — што рабіць з сынам?

Бацька рашуча заключыў:

— У школу ён пойдзе! А рукі.. ці як іх, крылы, закруцім бінтамі да самых плячэй, маўляў, зламаў абедзве ключыцы. Далоні вунь з пальцамі ёсць — неяк будзе пісаць. Галоўнае, з хаты будзе выходзіць, жыць сярод людзей.

На гэтым і спыніліся. Ля самых далоняў, на згібе, крыло загнулі, як складаюць ножык, і старанна закруцілі бінтамі. Атрымалася штосьці нязграбнае і нават страшнае, але з бінтоў выглядалі далоні з пальцамі і гэта надавала закручаным крылам выгляд рук.

У школе і настаўнікі, і вучні дзівіліся з Мацеевай мужнасці — гэта ж трэба: ламаны-перабінтаваны, а ў школу ходзіць. Усе паверылі Мацею, бо былі сведкамі яго ўзлёту з журавом, і былі ўпэўненыя ў тым, што хлопчык зваліўся з вышыні і пакалечыўся.

Але для Мацея існавала адна істотная праблема: крылы былі жывой часткай яго цела і іх неабходна было вечарам аслабаняць, каб надаць ім жыватворнасць руху, бо кроў застойвалася. Мацею даводзілася рабіць своеасаблівую зарадку. А самае галоўнае — яму хацелася лятаць.

Відаць, аднойчы ўзляцеўшы, чалавек ужо не можа толькі хадзіць па зямлі — неба няўмольна вабіць да сябе.

І вось аднойчы Мацей па-даросламу рашуча заявіў бацькам:

— Хопіць бінтоў! Хопіць хавацца! Што благога ў тым, што ў мяне крылы? Гэта ж не рогі, не кіпцюры, не воўчыя іклы! Я хачу лятаць!

І ён паляцеў! Ды куды — раніцай у школу!

Што рабілася вакол Мацея, немагчыма перадаць словамі. Здзіўленне, уражанне, захапленне! Першы дзень заняткі ў школе скамечыліся, ды інакш і быць не магло. А ўжо калі Мацейка зрабіў «паказальны палёт» над школай, ва ўсіх перахапілася дыханне. Дарослыя і дзеці крычалі «ура!», пляскалі ў далоні, абдымаліся.

Шчаслівы Мацей быў шчаслівым удвая ад таго, што не пачуў ніводнай кпіны, не ўбачыў нядобрага погляду. Ніхто не здзекаваўся, ніхто не зласловіў — усе хлопчыкі, без выключэння, адкрыта зайздросцілі яму.

А калі ў канцы верасня ён два дні без перадыху лётаў над лесам і адшукаў свайго аднакласніка і яго маленькую сястру, якія пайшлі ў лес у грыбы і заблудзіліся, Мацей зрабіўся сапраўдным героем.

Адно не падабалася яму: вельмі дакучалі розныя карэспандэнты ды тэлевізіёншчыкі, але што тут зробіш, як кажуць, слава знайшла героя.

Ішоў час. Накаціла зіма з маразамі ды завеямі. Лётаць Мацей вымушаны быў перастаць — перашкаджалі халады. Але паляцець усё ж давялося, хоць на дварэ ад марозу патрэсквалі дрэвы.

Захварэла ў вёсцы жанчына, якой тэрмінова неабходны былі лекі. Памкнуліся везці яе ў бальніцу альбо выклікаць «хуткую дапамогу», але ноччу папрацавала завіруха і замяла ўсе дарогі ўшчэнт. Што рабіць? Чакаць, пакуль расчысцяць дарогі — пройдзе шмат часу, а тут на ўліку кожная хвіліна.

Вось Мацейка, абкруціўшы шалікам твар і схаваўшы ў рукавіцы далоні, паляцеў у раённую аптэку. Ляцець было вельмі складана, насустрач дзьмуў пякучы паўночны вецер, здавалася, мароз дапінаў да самых касцей. Былі хвіліны адчаю, калі сілы пакідалі Мацейку і ён гатовы быў зваліцца на заснежаную зямлю і замерзнуць. Але ён памятаў, што ад яго, магчыма, залежыць жыццё чалавека, ён ведаў, што яго чакаюць, на яго спадзяюцца. І ён працягваў ляцець і ляцець.

Купіўшы лекі ў здзіўленай аптэкаршы, Мацейка паімчаў у сваю вёску. Цяпер ляцець было лягчэй, бо вецер ужо не дзьмуў у твар, а, наадварот, дапамагаў, ды і думка пра хуткае вяртанне надавала сілы.

Вось так Мацейка выратаваў жанчыну і яшчэ больш узвысіўся ў вачах людзей.

Зіма падыходзіла да свайго заканчэння, няўмольна набліжалася вясна. Мацейка і чакаў вясну, яна і пужала яго. Ён адчуў дзіўнае раздваенне свайго сэрца — хацелася зноў стаць звычайным чалавекам, але й крылы зрабіліся часткай яго душы.

Што ж выбярэ Мацейка? Прыйдзе вясна — пабачым.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.