epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Храм

Залітая сонцам прастора

Тут з першага дня.

Святла і ружовасці — мора,

Вакол чысціня.

 

Hі воблачка ў небе, ні хмаркі,

Hі ценю нідзе.

І час тут вясёлкава-яркі

Адлік свой вядзе.

 

Такую б гармонію ў свеце

Стварыць — быў бы цуд.

Суладдзе, сугучча, суквецце

З’ядналіся тут.

 

Усё тут у ладзе і згодзе —

Спрыяльнае нам.

І вось у такім асяроддзі

Узводзіцца храм.

 

Задумана Богам не дрэнна —

Ён мае чуццё,

Бо вырасце храм не імгненна —

За век, за жыццё.

 

Чакаюць наперадзе дзесьці

Дажджы і снягі —

Паспець бы падмурак узвесці

Цяпер, да смугі.

 

Паспець бы...

А шмат не паспела

За доўгі свой век,

Бо часта нядбайна, няўмела

Жыве чалавек.

 

To мэты мяняе, то збоча

І лезе ў гушчар,

To не разумее, што хоча —

Ці сонца, ці хмар.

 

Пра храм тут няма і гаворкі...

Вянец доўгіх год —

Хаціна, цямнеча, падпоркі,

Смяццё і смурод.

 

А вось і канец.

І памінкі.

І мары ў труне...

Свой храм адбудуюць адзінкі,

Астатнія — не.

 

*

Загадак на свеце не мала

І з’яў, і падзей.

Галоўнай загадкаю стала

Душа у людзей.

 

З маленства яна — на далоні,

Між дзён залатых.

Пакуль што душа не ў палоне

Жыццёвых інтрыг.

 

Hі воблачка ў небе, ні хмаркі,

Hі ценю нідзе.

І час тут вясёлкава-яркі

Адлік свой вядзе.

 

Пакуль што ў душы верхаводзіць

Святло і давер.

І кожны тут храм свой узводзіць

На ўласны манер.

 

Чакаюць наперадзе дзесьці

Дажджы і снягі.

Паспець бы падмурак узвесці

Цяпер, да смугі.

 

Ці ведае творца палаца,

Куды забрыдзе?

Што гэту штодзённую працу

З маленства вядзе?

 

І што не вярнуць ні хвілінкі,

Хоць Богу пішы?

Што хуткія дні, як цаглінкі,

Для храма душы?

 

Што ў храме злаба — як хвароба?

Нянавісць — бяда?

Што добрыя справы — аздоба?

Благія — брыда?..

 

Здавалася б, сонца — з запасам,

He бачна цяней.

Жыве чалавек, але з часам —

Душа ўсё цямней.

 

Яе здратавалі падзеі —

Крывавіць, баліць.

І толькі агеньчык надзеі

Да скону смыліць.

 

*

Прабачце, сучаснік, нашчадак —

Напружце ілбы:

Калі у душы беспарадак —

Жыццё — на дыбы.

 

Калі у душы прыцямненне —

Жыццё — уначы.

Калі у душы сутыкненні —

Жыццё — хоць крычы.

 

Трапеча душа, мітусіцца —

To ўніз, то ўгару.

Яна дазваляе прыжыцца

І злу, і дабру.

 

Прытуліць і чорнае з белым,

І з праўдай хлусню.

Яна здольна дзёрзка і смела

Аддацца агню.

 

Душа, кажуць,— прыцемкі...

Мабыць.

Ды толькі яе

Прастора нябесная вабіць

Ў абдымкі свае.

 

Спрыяе душы распрасцерці

Пад сонцам крыло

Святло, што мацней нават смерці,—

Надзеі святло.

 

*

Удзячны я Богу і маме

За доўгі мой век,

За тое, што здзейсніўся ў храме

Маім чалавек.

 

Канаў, пераадольваў благое,

Нясцерпнае грыз,

Адно падпіраў, а другое —

Валілася ўніз.

 

Завалы адцягваў штодзённа

Ад вечных высноў,

Святло ратаваў ад палона,

Ад хмар кажаноў.

 

Не ўсё ў гэтым храме збылося —

Шчымліва ад страт,

Бо часу не шмат засталося

І сілы — не шмат.

 

І з горыччу зноў адзначаю

Дыханне нягод.

І крышаць хвіліны адчаю

Напружанасць год.

 

І хочацца крыкнуць: — Мой Божа!

Чаму так імжыць?

І веру — святло пераможа.

Дажыць бы! Дажыць!

 

*

Храм вабіць малога й старога

Нязменна — вякі.

Ды Храм, як вядома, без Бога

Не Храм — скразнякі.

 

Ды Храм, як вядома, без веры —

Сваячыць з нарой.

Без сонейка й дзень будзе шэры

І змрочны настрой.

 

Намоленасць Храма, іконы,

Лампад фіміям...

І вернікаў шчырых мільёны

Спяшаюцца ў Храм.

 

Ці думаў з іх хто, хай не кожны,

Што Храмы, званы,

І свет гэты дзіўны, набожны

Ствараюць яны?

 

Што кожны — духоўнасці дойлід.

На святы, ў бядзе,

У пошуках лепшае долі

Да Бога ідзе.

 

Што кожны Стваральнік таксама

Не іншых — сябе,

Што ён уладальнік і Храма,

І Бога ў сабе.

 

З душэўных агеньчыкаў веры —

Свет звышвелічынь.

І ў Храм не зачыняцца дзверы

Ніколі!

Амінь!

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.