epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Храналогія пакутаў

Расштукавалася наша стагоддзе —

За рэвалюцыяй — смута, вайна...

Коціць і коціць па нашым народзе

Голад, галеча, злачынствы, мана,

 

Здзекі, калгасы, падаткі, бяспраўе,

Лютасць жахлівая новай вайны.

Партыі — слава, астатнім — бясслаўе,

Многіх за краты — віна без віны.

 

Лепшае дзецям!.. А дзеці марнелі.

Моладзі крылы!... А моладзь паўзла.

Бедная большасць — няўмольна бяднела,

Меншасць — у сытым багацці жыла.

 

Костка — працоўным, уладзе — шыкоўнасць...

Праўда, ў адным раўнапраўе было:

Роўна дзялілі на ўсіх бездухоўнасць,

Гэтае зелле буяла, цвіло.

 

Потым Чарнобыль... І чорная доля

Стала чарней, чым начэй карагод.

Край наш знямогся ад смутку і болю,

Край наш канае, згасае штогод.

 

Век адыходзячы, страшны, дваццаты...

Вось і яшчэ падарунак для нас —

Бездань між душамі... Хто вінаваты?

Мы, што стварылі ўсё гэта? Ці час?

 

Не! Непрыстойна ківаць на стагоддзе!

Мы вінаватыя — творцы бяды.

Пусткі «садзілі» на ўласным гародзе,

Нішчылі душы, ішлі ў нікуды.

 

Самі згубіліся, моладзь губляем,

Вернем упарта на пройдзены шлях,

З палітыканствам у гульні гуляем,

Вынік адзін — на бабах, на нулях.

 

Зноў бездухоўнасці зелле буяе,

Беднасць — да бедных, сядзіць на гарбе.

Моладзь — без крылаў, маленства — канае,

Кожны ратуецца — сам па сабе.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.