epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Хто адкажа?

Сябе спасцігнуць

так я і не здолеў —

Хто ў свеце я,

Адказ не мог знайсці.

Я па жыцці прайшоў,

нібы па полі

Ці ўсё-такі

Я крочыў па жыцці?

 

Я прыкладаў

Нястомна намаганні,

Шукаў,

Шукаю

Й не найду адказ:

Мой час жыцця —

запознены ці ранні,

Прайшоў мой час

ці не настаў мой час?

 

Я й сам сябе

не гладзіў па галоўцы,

Разбэрсана душа

на ўсе бакі —

Я ёсць які —

адмоўны ці станоўчы?

Ці горшы самых горшых —

Ніякі?

 

Мой лёс быў,

як і многіх лёс — вірлівы,

Хрысціў выпрабаваннямі

Штодня.

Я быў бязгрэшны?

Сціплы?

Справядлівы?

Я быў заўсёды правільны?

Хлусня!

 

У тым, што век зжываю —

Мала шчасця,

Які быў век мой,

хутка што міне?

Які я ёсць?

Спасцігнуць ці удасца?

Навошта быў я?

Хто адкажа мне?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.