epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Хто хоць раз...

На свеце розных

Шмат забаў

І клопатаў,

І гульбаў —

_______

 

Хто з вогнішча

Не выграбаў

Запечаную бульбу,

Не еў такую

Смакату,

Не зведаў

Тых імгненняў,

Хто мячык

Спрытна, на ляту,

Не біў,

Гуляючы ў лапту,

Хоць раз

Не спаў на сене

Хто

Ад крынічнае вады

Ў зубах не чуў

Ламóту,

Хто крапівы

І лебяды

Хоць раз не еў

Ў ахвоту

Хто

Без акрыленасці мар,

Штоднюе

Чорна-бела,

Хто

Замест сябра

Пад удар

(Душу сваю, не толькі твар)

Не падстаўляўся

Смела

Хто

Пасярод жыцця свайго

Не знойдзе месца

Казцы,

Таму ў жыцці

Спазнаць яго

Ніколі

Не удасца.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.