epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Хто ніколі не спіць?

Кожны вечар, укладаючы спаць Аленку, маці чула адно і тое ж:

— Мамачка, ну я не хачу спаць! Ну я яшчэ крыху пагуляю!

Маці расказвала ёй і казкі, і розныя цікавыя гісторыі, а ў адказ чула нязменнае: — Не хачу спаць!

Тады маці пускала ў ход свой апошні аргумент:

— Аленачка, няма ў свеце нікога, хто б у свой час не спаў. Спяць усе — так ўжо заведзена ў свеце. Вось ты мне назаві каго-небудзь, хто ніколі не спіць, назаві! Назавеш і я дазволю табе гуляць столькі, колькі захочаш. Нават зусім можаш не спаць. Згодна?

— Згодна, мамачка! — адказала Аленка і адразу ж адвярнулася да сцяны, робячы выгляд, што збіраецца заснуць.

Задаволеная маці ўсміхнулася і выйшла з дзіцячага пакою.

Але Аленка адвярнулася да сцяны зусім не для таго, каб заснуць, а для пошуку ў думках свайго выратавацеля, які павінен недзе быць.

Але падумаць нічога карыснага для сябе яна не змагла, і непрыкметна заснула.

Раніцай, паснедаўшы і нікому нічога не сказаўшы, Аленка пайшла...як у той казцы, туды, не ведаю куды.

Выйшла яна на пагорак, азірнулася — у каго б запытацца, дзе знайсці таго ці тую, хто ніколі не спіць.

Навокал нікога не было, таму яна села на траву і раптоўна ўзрадавалася:

— Спытаюся я ў зямлі! Яна, пэўна, ніколі не спіць, ды і вачэй ў яе няма, каб іх заплюшчыць.

Аленка, хоць і была маленькай дзяўчынкай, ды разумела, што зямля размаўляць не можа.

Але не ведала яна і таго, што ў казцы размаўляюць усе, нават зямля.

Таму была вельмі здзіўлена, калі на сваё пытанне: «Зямелька, ты спіш калі-небудзь ці не?» — атрымала адказ:

— Сплю, Аленачка, я, сплю. Ды сплю даволі доўга — цэлую зіму. Мне неабходна адпачыць пасля руплівага лета і працоўнай восені. Я прачынаюся вясной з новымі сіламі, каб зноў гаспадарыць і ўраджаіць. Без сну не будзе росту і ў раслін, і ў людзей.

— І ў мяне? — спыталася дзяўчынка.

— І ў цябе.— адказала зямля.

Здзіўленая Аленка падыйшла да яблынькі.

— Яблынька, скажы мне, ці спіш ты калі-небудзь ці не?

— Якое, сапраўды дзіцячае пытанне,— усклікнула яблынька.— Безумоўна, я сплю. Усе дрэвы восенню скідваюць сваю лістоту і апускаюцца ў глыбокі сон аж да вясны.

— Як і зямля?

— Як і зямля,— пацвердзіла яблынька.

Тут дзяўчынка ўбачыла яшчарку.

— Яшчарачка, не палохайся мяне, скажы, ці ты спіш калі ці, можа, не?

— Ха-ха! — засмяялася яшчарка,— Я не проста сплю, я зімой халадзею, камянею і гэтак сплю да вясны. Сон — маё ратаванне. Бывай, цікаўніца! — і яшчарка шмыгнула пад камень.

Аленка разгубілася — няўжо ўсе такія сплюшкі? Няўжо яна не назаве сваёй маме таго, хто ніколі не спіць?..

А вунь міліцыянер! Ён, кажуць, дзень і ноч на пасту.

— Дзядзечка міліцыянер! — звярнулася яна да ахоўніку парадку,— Дзядзечка паставы, вы, я ведаю, дзень і ноч на варце. Вам, пэўна, і спаць няма калі. Скажыце, што вы не спіце! Няўжо і вы кладзецеся спаць?

І нарэшце Аленка пачула тое, што і хацела пачуць:

— Спаць? — здзівіўся міліцыянер,— не спаць мы не кладземся! Не хвалюйся, дзяўчынка, і спі спакойна!

— Ура! — запляскала ў далоні Аленка,— нарэшце я адшукала таго, хто ніколі не спіць!

— Ніколі?— яшчэ больш здзівіўся міліцыянер,— Ты мяне, дзяўчынка, няправільна зразумела. Калі я сказаў, што спаць мы не кладземся, я меў на ўвазе тое, што мы ніколі не кладземся спаць на службе. А ў вольны час, нам, як і ўсім людзям, неабходна выспацца і аднавіць сілы. Сон — вельмі важны ў жыцці чалавека. Вось ты,— звярнуўся ён да Аленкі,— не будзеш спаць і не вырасцеш.

Яшчэ больш разгубілася дзяўчынка. Да каго б звярнуцца яшчэ?

Тут яна ўбачыла сонца, якое хілілася да зямлі, каб саступіць дарогу ночы.

— Вось хто мне дапаможа знайсці ісціну! — усклікнула Аленка і звярнулася да сонца:

— Сонейка яснае! Я бачу, што ты хіліш галаву за лес і рыхтуешся да сну. Але ты павінна ведаць, ці ёсць хто-небудзь, хто ніколі не спіць? Ці такіх няма?

— Ёсць!— не задумваючыся, адказала сонца.

— Ёсць? Няўжо ўсё-такі ёсць? — радасна ўсклікнула Аленка.— І хто гэта, скажы?

— Я! — спакойна адказала яно.

— Ты? — здзіўлена выцягнула шыю дзяўчынка,— Ты ж хілішся за далягляд. Надыдзе ноч і ўсе мы заснём.

Сонца ціха засмяялася:

— Я хілюся за далягляд, але не спаць, а даць магчымасць вам адпачыць, а там, на тым баку зямлі, я распачну раніцу, а за ёй і дзень для другіх людзей, якія пакуль спяць і чакаюць майго прыходу. Такім чынам, каб жыла зямля і ўсё на ёй жыло і расло, я вымушана ніколі не спаць. Засну я — і ўсё жывое на зямлі засне назаўсёды.

— І я? — спалохалася Аленка.

— Не хвалюйся,— ласкава сказала сонца,— ты будзеш жыць, бо я ніколі не буду спаць. Да новай сустрэчы і — рыхтуйся да сну! — пасля чаго сонейка схавалася за лесам.

Аленка з усіх сіл кінулася дамоў і з парога ўзрушана закрычала:

— Мамачка! Я знайшла таго, хто ніколі-ніколі не спіць!

— Дзе ты так доўга адсутнічала? — спыталася маці,— і каго ты знайшла?

— Мамачка, дай хутчэй есці і ўкладай мяне спаць!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.