epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Хто самы прыгожы?

Сабраліся неяк адной парой кветкі і загаманілі, і горача заспрачаліся. Кожная вытыркалася наперад, кожная ўхваляла сваю прыгажосць і свае якасці.

Ружа называла сябе царыцай над усімі кветкамі і патрабавала, каб і астатнія сяброўкі называлі яе гэтак сама.

Яна грацыёзна распраўляла свае пялёсткі і нахвальвала сябе:

— Яшчэ ў старажытнасці я была радасцю Афрадзіты. У тыя ж старажытныя часы ў Індыі той, хто прыносіў ружу цару, мог прасіць за гэта самы дарагі падарунак. Паэты ўсіх часоў і народаў складалі пра мяне ўзнёслыя оды. Вось такая я!

— Ты прыгожая,— пагаджаліся сяброўкі,— але ж салавей, прыціскаючы ноччу цябе да сваіх грудзей, не заўважыў тваіх шыпоў і параніў сабе сэрца.

Наперад ганарліва падаўся нарцыс:

— Ха! Падумаеш, ружа ды ўсе вы тут астатнія! Я самы грацыёзны і непаўторны! Сам Магамед сказаў пра мяне: « У каго ёсць два хлябы, хай той прадасць адзін і купіць нарцыс, як ежу для душы. А персідскі цар Кір называў мяне бессмяротнаю асалодаю. Ад мяне нельга адарваць вачэй!

Астатнія кветкі запярэчылі:

— Ды ты толькі сам без памяці ўлюблёны ў сябе, ад люстэрка не адыходзіш. Фі!

Раптам пачуўся мілагучны перазвон званочкаў і прыемны водар напоўніў сабой паветра.

Гэта лясны ландыш звярнуў на сябе ўвагу:

— Я, магчыма, і не самы кідкі сваёй прыгажосцю сярод вас, але мая сціпласць мае сваю непаўторную прыгажосць. А мой пах зачароўвае людзей, натхняе паэтаў і мастакоў, вяртае ўсіх нас да майскай пяшчоты.

— Калі ўжо ты нагадаў мастакоў, нізкаросцік,— зірнуў зверху на ландыша бэз,— дык і мяне не абыходзіць сваёй увагай ніводзін мастак. Нават славуты Паленаў напісаў карціну «Бабушкін сад», дзе ад мяне нельга адарваць вачэй. А што тычыцца паху, дык я дыхаю водарам больш вытанчаным, чым ты, і ад майго паху ні ў кога не баліць галава.

Кветкі зашапталіся:

— Прыпёрся сюды з Персіі, а ўсім рот затыкае.

Бэз гэта пачуў і пакрыўдзіўся:

— Ну і што з таго, што мая радзіма Персія? Я ўжо сотні гадоў жыву тут, упрыгожваю гэту зямлю і даўно заслужыў права на беларускае грамадзянства.. Ды і амаль усе вы родам з розных канцоў зямлі, і вас прытуліла Беларусь пад сваім небам,— і бэз яшчэ раз падкрэслена ганарліва зірнуў зверху ўніз на сваіх апанентаў.

Штосьці важнае хацеў сказаць піён, захваляваліся фіялкі і незабудкі, не кажучы пра цюльпана і лілею, але ўсе раптам убачылі хлопца і дзяўчыну, якія ішлі ў бок кветак.

Кветкі адразу пазналі, што ідуць закаханыя, бо каму, як ні кветкам яшчэ здаля адчуваць каханне?

— Вось зараз і пабачым,— самаўпэўнена зашаптала ружа,— каго з нас падорыць хлопец сваёй каханай! — і яна непрыкметна для астатніх, падалася наперад, каб першай звярнуць на сябе ўвагу.

Нарцыс гэта заўважыў і хацеў тузануць ружу на сваё месца, але напароўся на шып і паспеў толькі войкнуць, бо маладыя ўжо наблізіліся да кветак.

— Глянь, якая прыгажосць! — усклікнула дзяўчына,— колькі цудоўных кветак у адным месцы, быццам у іх тут кірмаш ці нейкая нарада. Вочы разбягаюцца! Цуд ды і толькі!

Маладыя спыніліся і дзяўчына неяк загадкава зірнула на свайго абранага. Хлопец перахапіў гэты погляд і здагадаўся, што каханая чакае ад яго цудоўнага падарунку.

Зразумелі гэта і кветкі, напружыліся і ледзь прыкметна заківалі галоўкамі.

Хлопец, не вагаючыся, падыйшоў да васілька, асцярожна ўзяў яго ў руку і працягнуў сваёй спадарожніцы.

— Вось, мая самая любімая кветачка — васілёк!

Астатнія кветкі разгубіліся, затым абурыліся: — Выбраў не нас, а нейкі быльнёг, які блытаецца ў жыце. Якая бязгусціца!

Але хлопец не пакрыўдзіўся, бо не разумеў мову кветак, і перадаючы васілька дзяўчыне, працягваў:

— Дзіўная кветачка васілёк! Расце толькі побач з жытам ці ў жыце, таму яго многія памылкова лічаць быльнёгам. Расказваюць, быццам неба калісьці абурылася на жыта: усе ўслаўляюць мяне, усе цягнуцца да мяне, вачэй з мяне не зводзяць, адно толькі ты сваімі каласамі адварочваешся ад мяне, гнешся да зямлі.

Жыта апраўдвалася: — Не крыўдуй, сіняе неба! Мае каласы набіраюць сокі зямлі, ацяжарваюцца і гнуцца да зямлі. Мае каласы павінны карміць людзей. Без хлеба не будзе жыцця на зямлі...

Злітавалася неба і кінула частку сябе сінімі кроплямі на жытнёвае поле. І прараслі тыя кроплі сінімі васількамі.

— Вось цяпер,— сказала неба жыту,— твае каласы, нахіляючыся да зямлі, будуць заўсёды бачыць мяне.

— Якая дзіўная гісторыя! — усклікнула дзяўчына, з любоўю зірнуўшы на васілька.

— Сапраўды дзіўная! — загаманілі кветкі, а мы думалі...

Хлопец працягваў:

— А між тым, васілёк — адна з самых любімых кветачак славутага Максіма Багдановіча. Нездарма сваю кніжку паэзіі ён назваў «Вянок». Па-праўдзе кажучы, я люблю і астатнія кветкі, яны — непаўторны цуд! І ружа-царыца, і нарцыс-прыгажун, і лясны духмяны ландыш — і ўсе-усе-усе! Але я з маленства рос побач з васількамі, а яны — побач са мной. У іх, сапраўды жыве часцінка нашага беларускага неба. Да таго ж, колерам яны, як твае, Васілінка вочы. Якое дзівоснае спалучэнне: васілёк для Васілінкі! — і маладыя, абняўшыся, пайшлі далей, беражліва трымаючы васілёк.

— Я ж казала, што я царыца!— страпянулася ружа,— чулі, што сказаў хлопец?

— А я — прыгажун з прыгажуноў! — заганарыўся нарцыс, зірнуўшы ў кішэннае люстэрка.

— А я!

— А я!..

Доўга яшчэ чулася ў чароўнай квецені зямлі «а я!» і «я»кожнай кветачкі мела права называцца самым прыгожым «я», бо непрыгожых кветак не бывае.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.