epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Хто з нас безгалосы?

Беларусь — мой вечны боль...

Хто з нас безгалосы?

Скінь ты путы, разняволь

Свой і нашы лёсы.

 

Сонца ўніз — бліжэй, шыбчэй

Да гвалтоўнай ночы.

Чорны сум — з адных вачэй

У другія вочы.

 

Беларусь — туга і плач,

І нямых — без ліку.

Ой прабач ты нас, прабач,

Збітых з панталыку.

 

Ці ў бацькоў мазгоў няма?

Ці здурнелі дзеці?

Ты не ведаеш сама —

На якім ты свеце.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.