epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Хтосьці ласы на каўбасы

Базыліха хоць і аўдавела і веку была немаладога, але кожны год трымала парсючка. Вясковая мудрасць была даволі простай: маеш сальца ў кубёлку — ты і гаспадыня, а калі яшчэ кумпячок з каўбасамі Вялікадня дачакаліся — лічы, што ты пані.

Вось Базыліха і адчувала сябе паняй, бо Вялікдзень праз два тыдні, а ў яе і кумпячок, і каўбаска ў кладоўцы чакаюць свайго часу.

Дзень выдаўся сонечны, з ветрыкам, таму Базыліха вынесла свае прыпасы і павесіла ля сцяны на шасток абветрыцца, абсохнуць, а сама ў добрым настроі прыбірала ў хаце, займалася гаспадаркай.

У дзявоцтве яе звалі Ганнай, а як выйшла замуж за Базыля — зрабілася Базыліхай. Так спрадвеку вядзецца ў вёсках: замужніх жанчын клічуць Федзіхамі, Дзям’яніхамі, Тодарыхамі ды Юрчыхамі, па мужу. І хоць Базыль даўно пайшоў з жыцця, Ганна засталася Базыліхай...

Жанчыну часцяком закручвае хатняя работа так, што няма калі галаву падняць. І Базыліха кідалася сёння то ў адзін бок, то ў другі, то ў хату, то ў хлеў, печ пабяліла, пасцель ператрэсла, столь памыла і шмат чаго іншага перарабіла. Але вясна і чаканне свята надаюць сілы, калі не сказаць — крылы.

Раптам у гэтай мітусні Базыліху быццам калом лупянулі па галаве — зірнула на шасток і самлела, ногі падкасіліся. Шасток быў пусты — ні кумпяка, ні каўбасаў. Сонечны дзень патух, акрыленасць знікла.

— Божа! Людцы! Што ж гэта? — шапталі асмяглыя вусны.

Базыліха чамусьці адразу пусцілася ў хату, потым зразумела, што робіць не тое, выбегла на вуліцу. Кінулася ў адзін бок, у другі — нікога. Хацела закрычаць, паклікаць на дапамогу, ды апамяталася, прыкусіла язык.

— Божа! Што я раблю! — зашаптала яна.— Засмяюць! Адзін паспачувае, а два будуць пальцамі пароць: карміла, гадавала, а пакарыстаецца чорт лысы.

Базыліху кінула ў холад. Ад нервовасці ляскалі зубы. Яна вярнулася ў прыбраную хату, села на лаву і заплакала:

— Ну, прайдзісветы! Ну, звадыяшы! Ці ж гэта людзі?..— уздрыгвала яна ўсім целам пасля кожнага горкага слова.— А сама? Доўбня дурная! Так табе і трэба, разява!..

Базыліха перастала плакаць, выцерла хусткай твар:

— А можа, гэта жарт? Ну, падражніцца хтосьці і верне, папалохае і аддасць...

Яна выйшла на ганак, зірнула на шасток — пуста.

— Жарт! Скулу ў бок! — дрыготкім голасам упікала яна няведама каго. У гэты час Базыліха ненавідзела сябе больш, як таго злодзея.

Сілы яе пакінулі, рабіць нічога не хацелася, і пакрыўджаная жанчына-адзінота зноў зайшла ў, як падалося, няўтульную хату, села на лаву і праседзела да ночы, гледзячы ў адну кропку.

 

* * *

Раніца не прынесла палёгкі для душы, затое Базыліха зноў набыла здольнасць думаць і разважаць.

— Хто б гэта мог быць? — як пацеры, паўтарала яна.— Васіль? Не! У яго ад сваіх каўбас шасток ломіцца... Змітрок? Божа барані! Ён — сама прыстойнасць і ветлівасць... Лявон?.. Гэты дык на ўсё спец, але жыве ён аж на самым канцы вёскі — хтосьці б заўважыў несуна... Цьфу ты! — ажно падскочыла Базыліха.— Вінцэсь! Хто ж яшчэ, акрамя яго?! Жыве побач, пасля смерці жонкі свіней не трымае... ды і на чорта іх трымаць, калі дурная суседка праз плот?! Вінцэсь! — усхадзілася Базыліха.— Дальбожачкі, ён! Мала таго што гол як сакол, дык яшчэ і малахольнік, і пад’ялдычнік. Адно толькі ведае, што на гармоніку пілікаць... Во! Учора і гармонік маўчаў, не да музыкі было. А галоўнае — толькі ён і бачыў, як я шасток вешала, ды яшчэ й языком торкнуў: «Ты ж, Ганна, моцна прывяжы каўбасы да шастка, каб вецер не знёс...» — Ганна плюнула.— Каб цябе бура знесла з маіх вачэй, зладзюга!..

Базыліха рашуча накіравалася да дзвярэй.

— Пайду і зараз жа ўсю нюхаўку растаўку яму ў порхаўку!

Выйшла на вуліцу і, як учора, спынілася.

— Э-э, не! Я яму буду пра каўбасы, а ён мне — фігу ў нос! І што? Нахрапам яго не возьмеш, трэба хітрасцю, розумам...

Зноў вярнулася ў хату Базыліха і пачала думаць, на якой казе пад’ехаць да суседа-злодзея.

Вечарам гэтага ж дня, крадучыся, прайшла ля Вінцэсевых варотцаў. Зірнула праз плот на яго двор, а там — сам Вінцэсь сядзіць на прызбе і дым ад цыгаркі з рота пускае. Разгубілася баба і прайшла міма, быццам кудысьці па справе кіравалася, зрабіла выгляд, што не заўважыла суседа. Крыху адышлася і спынілася...

— Не, трэба дзейнічаць смялей! — прамармытала праз зубы і вярнулася назад. Але зноў, убачыўшы, як падалося, нахабную Вінцэсеву фізіяномію, з рота якой выляталі дымавыя колцы, адвярнулася і другі раз прайшла міма. Спынілася ля сваёй хаты, злосная на сваю нерашучасць.

— З мяне следчы, як з дзяснаў зубы! — злавала яна.— Пайду! Зірну ў яго нахабныя вочы! Няўжо нічым не выдасць сябе? — І Базыліха рашуча накіравалася да суседа. Зайшла на двор, прывіталася.

— А я думаў, што ты язык згубіла і ходзіш туды-сюды, шукаеш яго. Аказваецца, ёсць язык! — замест вітання пажартаваў Вінцэсь.

— А ты ўсё сваю соску дундзіш! — паказала Базыліха на цыгарку.

Вінцэсь зацягнуўся, папляваў на акурак, які ўжо прыпякаў пальцы, і расцёр яго босай нагой.

— Сядай, прызба вунь якая, месца хопіць,— запрасіў ён суседку.

Базыліха набралася смеласці:

— А я вось хачу табе ў вочы паглядзець!

Вінцэсь здзіўлена ўскінуў на лоб бровы:

— У цябе што, тэлевізар зламаўся? Замест яго будзеш у мае вочы пазіраць? Глядзі сабе...

Базыліха працягвала наступаць:

— Слухай, сусед, не выкручвайся! Няўжо ты мне нічога не хочаш сказаць?

Вінцэсь яшчэ вышэй падняў свае бровы:

— Сказаць? Табе?.. Што, напрыклад?

«Следчая» ўважліва ўглядалася ў вочы свайго крыўдзіцеля, шукала доказаў.

— Што сказаць? — перапытала суседа Ганна.— Ну, хоць бы пра ўчарашні дзень скажы... Як жыў? Што рабіў?

— Можа, табе яшчэ сказаць, што я еў? — здзівіўся Вінцэсь.

Ганна схамянулася:

— Ну нарэшце! Гэта мяне і цікавіць!

Вінцэсь ціскануў плячыма:

— Што рабіў? Патыліцу церабіў... Што еў? Тое, што меў, а потым — на бакавую і храпака даў... Ваша душачка задаволеная?

— Ты мне туману ў вочы не пускай! Няўжо так нічога і не скажаш? — дапытвалася Ганна.

Вінцэсь уважліва зірнуў суседцы ў вочы:

— Слухай, Ганна! Мне здаецца, што я цябе першы раз у жыцці бачу... Дзіва!

Ганна насядала:

— Дык скажаш ці не?!

Было відаць, што Вінцэсь крыху збянтэжыўся:

— Ну, можа, другім разам скажу... Табе што, гарыць?

— Другім дык другім, пачакаю... Мне галоўнае, каб сказаў,— крутнулася Ганна і пайшла дамоў.

Вінцэсь скруціў новую цыгарку, прыпаліў яе, зацягнуўся. Нешта яго непакоіла.

«Што за храновіна з марковінай? — разважаў ён.— Пасля таго як аўдавела, ніколі не прыходзіла, а тут нечага дамагаецца... Што я ёй павінен сказаць? Гм-м...»

Вінцэсь дакурыў цыгарку і ўжо прыцемкам пайшоў у хату.

Кладучыся ў пасцель, падумаў:

«Гм... А яна нічога кабеціна... Сёння быццам першы раз у жыцці яе ўбачыў...»

Ганне не спалася таксама. Узрушанасць не пакідала яе. «Гэта ж трэба,— думала яна,— нахабна глядзеў у вочы, і хоць бы што. Во прахіндзей! Праўда, пад канец крыху збянтэжыўся — відаць, нячыста на душы... Нічога, я пачакаю! Схаджу другі раз, пяты, дзесяты... Але ж ён за той час, што буду хадзіць, усе каўбасы з’есць і кумпяк абскубе... Не, трэба націснуць на яго...»

 

* * *

Наступным вечарам Ганна рашуча пайшла «націскаць» на суседа.

Вінцэсь, як і ўчора, сядзеў на прызбе і курыў. Праўда, сёння на ім красавалася чыстая кашуля і не было відаць босых ног, бо яны далікатна схаваліся ў наваксаваныя боты. Ганна гэта заўважыла і сама сабе падумала: «Заблытвае сляды...»

— Здарова, Ганна! — першы павітаўся Вінцэсь.— Прысядзеш побач ці зноў у вочы мне будзеш глядзець?

— Добры вечар! — адказала Ганна.— Побач не побач, а сяду, ногі як шалёныя сабакі рвуць — не прыткнулася за дзень...

— Ты б села з гэтага боку, а то дым на цябе цягне,— прапанаваў Вінцэсь.

— Гляньце, людцы! — ускочыла Ганна, хоць толькі што села.— Шкадаваць мяне пачаў, а ці даўно?! Ты ж толькі не заплач, мяне шкадуючы! Мне не шкадаванне тваё трэба, а... а нешта іншае.

Вінцэсь захлынуўся дымам, закашляўся:

— Каб ты сатлеў, які моцны!.. Кажаш, сёння нарабілася, набегалася...

«Віхляе, як сабака хвастом, выкручваецца»,— падумала яна.

— Ты мне абяцаў штосьці сказаць! — зноў насядала Ганна.

«Бярэ за горла,— падумаў Вінцэсь,— ахмурае...», а ўслых дадаў:

— Ну што табе так прыпякло? Я сам... сам днямі прыйду да цябе і ўсё выкладу перад табой. Усё, як ёсць... як на судзе...

— Даўно б так! — з палёгкай уздыхнула Ганна.

— Але я цябе прашу,— жаласліва выціснуў Вінцэсь,— няхай усё будзе паміж намі... пакуль між намі, бо нехта і пасмяецца...

— Праглыну язык! — запэўніла Ганна.

— Ну, тады чакай... Лічы, што я здаўся і задраў лапы ўгару,— выдыхнуў Вінцэсь і пяшчотна ўзяў Ганну за руку.

— Яшчэ чаго! — выслабанілася яна, зачырванелася і хуценька пайшла дамоў...

— І што гэта за фігуліна з цыбулінай? — прамармытаў Вінцэсь.— Быццам другі раз у жыцці яе бачу... Дзіва!.. А яна — ого-го, кабеціна хоць куды! А як хутка скруціла мяне: р-р-раз! — і няма Вінцэся...

Ганна ўсе гэтыя дні, пасля таго як хтосьці абакраў яе, нікуды, акрамя як да Вінцэся, не хадзіла. Яна не хацела нікога бачыць і чуць, усё баялася, што нейкім чынам яе бяда прасачылася ў вёску. А калі так — пачнуцца роспыты ды ўхмылкі. Цяпер, калі яна добра ведала, хто злодзей, у вачах пасвятлела. У думках супакойвала сябе: ну няхай ён з’еў тры, ад сілы пяць каўбас, ну адрэзаў кумпячка трохі... астатняе ж верне назад... а цяпер перадвелікодны пост — дасць Бог і ні да чога не дакрануўся...

Ганна падышла да люстэрка, чаго не рабіла даўно.

— О-о, адкінуць бы гадкоў дваццаць! — прагаварыла яна.— Хаця і сёння, прысаліўшы, прыбяліўшы, можна есці... А чаго гэта ён за маю руку ўчарэпіўся? А-а, вінаваціцца... раскайваецца...— Тут Ганна сурова зірнула ў люстэрка.— Але ж табе, дурная варона, была прыемная яго ласка! — і адвярнулася, саромеючыся глядзець сабе ў вочы...

Аднаго вечара, калі Ганна сядзела дома і глядзела нейкі пусты серыял па тэлевізары, адчыніліся дзверы і ў хату ўвайшоў святочна апрануты Вінцэсь. Ганна ўзрадавалася, прадчуваючы збаўленне ад сваіх пакутаў. Замітусілася, але ўспомніла, што збіралася трымацца сурова, хоць і міласэрна, як і належыць суддзі, які, калі захоча, злітуецца, а захоча — пакарае.

Ганна села за стол, як у прэзідыум:

— Не тапчыся ў парозе, праходзь, выкладвай усё!

Вінцэсь няўпэўнена падышоў да стала і нечакана для гаспадыні паставіў на стол пляшку.

— Гэта?! — вырвалася ў Ганны.

Вінцэсь прыклаў руку да грудзей:

— Пачакай, Ганна, не перабівай!

Ганна сурова папярэдзіла:

— Я чакаю тваіх прызнанняў, а не гэтага,— паказала на бутэльку.

— Не блытай ты мяне! — узмаліўся Вінцэсь.— Ты ж не даеш рота адкрыць. Выслухай, не перабівай.

— Слухаю,— памякчэла Ганна.

— Дык вось,— пачаў Вінцэсь,— не падумай, што ты прымусіла мяне пачаць гэту гаворку... Я і сам збіраўся прыйсці...

— Бліжэй да справы! — падганяла гаспадыня.

— Дык вось... Ты жывеш адна, як гарохавы стручок ля дарогі... Ведаеш, што я таксама жыву адзін. Рукі — на месцы, галава не дурнейшая, чым у іншых... Дык чаму нам не зрабіць падабенства складчыны — твая гаспадарка і мая гаспадарка аб’ядноўваюцца, як тыя еўрапейскія грошы... Ты — гаспадыніш, я — гаспадару. Мо ссумуем нашы намаганні?

Ганна слухала, адкрыўшы рот. Нарэшце падалася наперад:

— І ты з гэтым прыйшоў да мяне? З гэтым?! А дзе каўбасы? Дзе кумпяк?

Цяпер ужо рот раскрыў Вінцэсь:

— Табе што, сваіх мала? Аб’яднаемся, нажывём і не тое!

— Дзе мае, мае каўбасы? Дзе мой кумпяк? — ускочыла Ганна.— З’еў ці схаваў? Злодзей!

Цяпер і Вінцэсь падскочыў ледзь не да столі:

— Якія каўбасы? Каго я, што я краў? Я да цябе як да чалавека, з добрымі намерамі, а ты... Які я злодзей?!

Вінцэсь ляснуў дзвярыма і рашуча пакрочыў дамоў.

Ганна апусціла на рукі галаву і заплакала. Перад ёй на стале сіратліва стаяла Вінцэсева бутэлька.

Раптам адчыніліся дзверы і ў хату бурай уляцела Касачыха Зося.

— Дзе ты знікла, Ганна? Я думала, што ты ўжо памерла.

Ганна хуценька выцерла заплаканы твар рогам хусткі і адсунула далей ад сябе бутэльку.

— Во! Знайшла, з-за чаго слёзы ліць! Калі няма з кім раздушыць пляшку — дапамагу! — пажартавала Зося.

— Не... Я так... Успомніла маладосць і ўсхліпнула.

— Ой, Ганна, колькі навін у вёсцы! — сыпала далей Зося.— Амэля мыла вокны, бразнулася з лавы і зламала руку, Яньчын Змітрок набраўся гарэлкі пад самую завязку і цэлую ноч праспаў пад плотам, прастудзіўся ўшчэнт! Вандзіна карова ўзнялася на быкоў перад самым святам, а недзе з тыдзень таму па вёсцы праехалі цыганы. Пакралі — у каго што! У Стэфкі курэй, у Якіміхі — каптан і дзве хусткі, а ў беднага Лявона — з шастка ўсе каўбасы з паляндвіцамі і два вэнджаныя кумпякі. Дзякуй Богу, што нас з табой гэта навалач абмінула!

Ганна раскрыла рот, хапаючы паветра, як рыбіна на беразе. Потым радасна выціснула з сябе:

— Кажаш, цыганы?.. У Лявона?..

— Дык раздушым гэту пляшку ці не? — у сваю чаргу запыталася Касачыха.

Ганна схапіла бутэльку, прыціснула да грудзей і радасна паўтарала:

— Вінцэсік!.. Вінцэсік!..

— Што ты плешчаш? — здзівілася Касачыха.— Здурнела, седзячы дома...

Ганна ўскочыла з-за стала:

— Ой, Зосечка, прабач, няма часу! Трэба бегчы! — Выбегла на двор і, шчаслівая, пабегла да Вінцэся.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.