epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Хутчэй не трэба

Сярод забаў юнацкіх, сталых спраў,

Сярод вірлівых дзён, ура-начэй,

Я ледзь за сваім сэрцам паспяваў.

Яно вяло мяне: — Хутчэй! Хутчэй!

 

Яно, нібыта вечны рухавік,

Шалёным рытмам абганяла час.

Калі стамляўся я, яно — у крык:

— Хутчэй! Хутчэй! Жывецца толькі раз!

 

Ды для любога «я» пара свая,

Цяпер мой сумны скарб — гады мае.

І ўжо «хутчэй!», на жаль, не чую я —

І вечны рухавік мой збой дае.

 

І ўжо не ён мне кажа, я яму:

Нястомныя гады стамляюць плоць.

Цішэй! Нас час скіроўвае ў зіму.

Хутчэй не трэба, не заглухні хоць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.