epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ці знойдзецца дзівак?

Як мне шкада вас, будучыя дні,

Вас Бог жыццю падорыць, як на блюдзе,

І сонейка ў блакітнай вышыні —

Вы будзеце, мяне ужо не будзе.

 

І будуць ночы сумаваць па мне,

Бо я ў жыцці так мала спаў начамі.

І веру я, ніколі не міне

Ўзаемаповязь цёплая між намі.

 

Я кожнай ноччу больш пісаў, чым днём,

Шмат думак перадумаў кожнай ноччу.

Я ў сэрцы, палкім з гэткім жа агнём,

Усё жыццё ад дня да ночы крочыў.

 

І спадзяюся, што душа мая

Усё ж вас не пакіне, з ласкі Бога.

Ці знойдзецца яшчэ дзівак, як я,

Каб вас любіў больш, чым сябе самога?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.