epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ціхі сум

Быць сумным лёгка, я такі і ёсць.

Ці як сказалі б — нефотагенічны.

Напэўна, я такі — несімпатычны

І збегла з майго твару прыгажосць...

 

Зямлю накрыў ад чорных хмараў цень,

І дождж ліе, хоць ён зусім не трэба.

Над хмарамі ж ва ўсю праменіць дзень

І гэтак жа ва ўсю, блакіціць неба.

 

І ў чалавеку ёсць душы партрэт,

Як для каго — прыемны, непрыемны,

Не для вачэй чужых. Там — іншы свет.

Які? Вясёлы? Сумны?

Патаемны.

 

Вясёлым быць? Складана для мяне.

У весялосці штучнага не мала.

Няхай вас ціхі сум мой абміне,

Каб весялей вам весяліцца стала.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.