epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Цiхi завулак

Цiхi завулак... Бэз i таполi...

Вугал казённы — веха ў жыццi.

Радасць тых дзён i жалобу — нiколi

Не адгукнуць, не спаткаць, не знайсцi.

 

Бедна было тут, цесна i цьмяна,

Хоць i наведваў надзеi прамень.

Цяжка было, а жылi закахана

Ў кожны, падораны Госпадам дзень.

 

Дзень пражывалi i верылi прагна —

Новы — палёгку з сабой прынясе.

Не, не пужала жыццёвая багна —

Бедныя хоць — а жывыя. Усе!

 

Шэрыя буднi, сцiплыя святы,

Светлыя думкi калi-нiкалi.

Тут — i здабыткi кахання, i страты

Шчыра адзначылi, перажылi.

 

Мама iрвалася з гэтае «ямы»

Да незабыўнай i роднай зямлi...

Тут i спынiлася сэрца у мамы,

У ненавiсным казённым жыллi..

.

Цягне сюды... Час вяртаю пакрыху,

Гукi мiнулага прагна лаўлю.

Цiхi завулак... Як жа тут цiха...

Падае гулка сляза на зямлю.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.