epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Цемра непрабудная

Калі ў раённым цэнтры адчынялі музей сучаснага мастацтва, мала хто здзівіўся: жыццё шыбуе наперад, унутраны ўзровень кожнага чалавека імкліва набірае новыя вышыні.

Здзіўленне прыходзіла пазней, пасля наведвання музея і прагляду экспазіцыі. Але і тады мала хто здзіўляўся ўголас — кожнаму хацелася бачыць на голым каралю адзенне.

Тут трэба дадаць, што раённы цэнтр — усё ж правінцыя, якая не жадае пагаджацца з гэтым і пры выпадку стараецца не саступіць сталіцы.

Адкрыццё музея, ды яшчэ сучаснага мастацтва,— чым не нагода даказаць, у першую чаргу сабе, што раённыя гледачы не менш сучасныя, чым сталічны бамонд? Вось чаму кожны экспанат, кожны твор, выстаўлены ў раённым музеі, расхвальваўся ў гучных і няспынных «рэцэнзіях» наведвальнікаў. Гарачыя «ахі» ды «охі» перапаўнялі залы музея.

Так здарылася, што Ірэна Дасужая патрапіла на адкрыццё музея без мужа Трахіма. Ён заворваў іржонішча на сваёй сядзібе і маніўся наведаць музей іншым разам, бо конь быў чужы, а сёння конь — не меншы дэфіцыт, чым музей, нават сучаснага мастацтва.

Як і абяцаў жонцы, Трахім наступным днём накіраваўся ў куток прасвятлення і ачышчэння. Якое ж было здзіўленне яго жонкі, калі праз паўгадзіны ён вярнуўся дамоў і абурана плюнуў:

— Як сіраце жаніцца, дык маладая ўцякла з другім!

— Што здарылася? — спалохалася Ірэна.

— А нічога! Там, аказваецца, рамонт распачалі,— адказаў Трахім.

— Які рамонт?! Ты што?! — падскочыла Ірэна.— Толькі ўчора адбылося адкрыццё! Ты, мусіць, не туды патрапіў?

— Не лічы мяне за дурня! — адрэзаў Трахім.— Быў я ў музеі — там рамонт, табе кажу. Нагу няма куды паставіць.

— Якую нагу! — яшчэ больш усхадзілася Ірэна.— Пайшлі разам, не веру я табе!

— Не верыш — хадзем,— згадзіўся Трахім, і яны падаліся да музея.

Пераступіўшы яго парог, Ірэна здзіўлена спыталася:

— Ну? І які дзе рамонт?

Трахім здзівіўся яшчэ больш за жонку:

— Ты што, аслепла? Глянь пад ногі, зірні на сцены!

— Ну і што? Зірнула!

— Як што? Вось пад нагамі стос гнілых дошак, а зверху кавалак нейкай жалезіны! Што гэта? — паказаў Трахім.

— Гэта?! Дык гэта ж кампазіцыя вядомага мастака Ахлэмкіна «Эвалюцыя прагрэсу»,— тлумачыць з выглядам знаўцы Ірэна.

Трахім паціснуў плячыма і паказаў вышэй:

— А вунь на сцяне кавалак парванай шпалеры з раздушаным клапом. Што гэта за кампазіцыя?

— Гэта — увасабленне вобразнасці і навізны ў мастацтве: «Настальгія па мінулым»,— выконвала ролю гіда жонка.

Трахім скрывіўся:

— Ты прабач мне: ці я зусім здурнеў, ці свет настолькі паразумнеў, што нічога незразумела... Ты ж сама зірні сюды: вось кучка гною, а на ёй ляжыць прапораны віламі долар... Якая к чорту гэта кампазіцыя?

Ірэна горача ўсклікнула:

— Які сорам! З кім я жыву?!. Гэта ж апошняя праца мастака Кучкіна «Не ў грашах шчасце!». Зірні! Колькі тут экспрэсіі, які дух рамантызму!

Трахім абурыўся:

— Што і казаць — духу тут хапае! Ды гэткую кампазіцыю наша Рагуля кожны дзень у хляве стварае... і не горш за таго Кучкіна.

Ірэна ўскіпела:

— Не параўноўвай карову са знакамітасцю! Не вытыркай сваю неадукаванасць!

— Добра... Няхай будзе па-твойму,— саступіў Трахім.— А гэта што за намаляваны чарнобыльскі мутант, у якога сем пальцаў на руцэ? А глянь побач! З галавы нага расце!

Ірэна з жахам прыціснула палец да вуснаў:

— Ціха ты! Гэта ж сусветная славутасць!.. Я нават прозвішча баюся называць...

Трахім горка скрывіўся:

— Лепей не называй... Пайшлі далей... Гэта што? Нейкія ржавыя вёдры, нейкія дзіравыя боты, якіх і дома хапае... Я сапраўды нічога не разумею.

— Цемра ты непрабудная! — пырснула слінай Ірэна.— Добра, што ўчора цябе не было на адкрыцці музея, я б ад сораму за цябе згарэла!..



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.