epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Цёмна ў вачах

Бывае цёмна

У вачах ад гора,

Якое сэрцы раніць

Без разбору,

Якое душы

Без разбору раніць,

Якое сонечнасць жыцця

Туманіць.

 

Бывае цёмна

У вачах ад думак,

Якіх, адмоўных,

Што ні дзень —

То клунак,

Якіх балючых,

Што ні год, то болей,

Грызуць якія,

Не шкадуюць болю.

 

Бывае, у вачах

Ад сонца цёмна,

Якое дорыць нам святло

Нястомна.

Але ад сонца

Сэрцу не балюча,

Бо сонца з сэрцам

Б’юцца у сугуччы.

 

Вось так, бывае,

Й чалавек знаёмы —

Адзін сустрэне

І адорыць стомай,

А вось другі

Ў душы святло пакіне —

Прыемны ён

І лёгкі на ўспаміне.

 

Бывае, з некім

Не ідзе гаворка,

Пачуеш слова —

І на сэрцы горка.

Ды, дзякуй Богу,

Што другіх багата,

З другім размова,

Што ні тэма — свята.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.