epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Цішыня

Пасля стрэсаў нервашкодных,

Пасля грукатнага дня,

Як паветра, неабходна

Лекавая цішыня.

 

Век тэхнічна ашалелы,

Век уздыбленых падзей

Дорыць «крызы», дэцыбелы,

Абяздушвае людзей.

 

Час з разбэрсанаю фалдай,

Пэўна, ўстаў не з той нагі,—

Нібы важкаю кувалдай,

Нішчыць рытмамі мазгі.

 

Сёння многім, як спрасоння,

Не адрозніць ноч ад дня.

І пытаюць шматмільённа:

— Што такое цішыня?

 

Сёння грукае прывычна

Час ля кожнага жытла.

Цішыня ж філасафічна

Шмат філосафаў дала.

 

Сёння цішыню няўдала

Час трымае пад пятой.

Ў цішыні тварыў Купала,

Колас, Пушкін і Талстой.

 

Мудрасць Бібліі, Карана

З пустазвонствам не ў ладах.

Цішыня маўчыць пашанна

Ў святамесцах — на кладах.

 

Цішыня й ад стрэсаў лечыць,

Ад нагрымнуўшай бяды.

Цішыня й душу нявечыць

І праводзіць назаўжды.

 

*

О, старонка Лагойская мілая!...

Адгукніся, былое! Э-гэ-эй!

О, бацькоўская хатка падгнілая,

Ты палацаў усіх даражэй.

 

Скінь, душа, гарадскую аскоміну

На пахілы, прыветлівы плот.

Вунь, без дыму сумуецца коміну,

Вунь, і яблынь застыў карагод.

 

Што адпелася — не адгукаецца,

Адквітнеламу — не зацвісці.

І юнацтва ружовую раніцу

Зноўку — ні запаліць, ні знайсці.

 

О, дарога жыццёвая коўзкая,

Ты бясконцая, кажуць... Ды не!

Дзякуй Богу, што хатка бацькоўская

З ціхім болем чакае мяне.

 

Цішыня тут вугламі прытулена,

Я аглух ад такой цішыні.

Лягу спаць — калыханка матуліна

Сніцца мне і малечыя дні.

 

Немагчыма душой не параніцца

На сцяжынах мінулых часоў.

І наіўна здаецца, што раніцай

Цесна зробіцца ад галасоў.

 

Цішыня з хаты бегла адступіцца —

Кожны з нас гаваркі — будзь здароў!

І за снеданнем шумна зарупяцца

Дзевяць душаў — адзіная кроў.

 

Так было...

Смех бязвоблачна пеніўся,

Сэрцы крыліў жыццёвы уздым.

А за вокнамі дзень распраменьваўся,

Запрашаў у зялёны абдым.

 

А за вокнамі — неба блакітнае,

Нібы з шоўку — насіць не знасіць,

І жыццё, у надзеі спавітае,

І надзеі...

У што б іх спавіць?

 

*

Нібы парнуў у сэрца нож,

І я пад коўдраю падскочыў.

І я прачнуўся...

Ад чаго ж?

Ад цішыні працяглай ночы.

 

І стомленая плоць мая

Ляжыць з адкрытымі вачамі,

Адказ шукае: — Ў пекле я

Ці ў невылазнай чорнай яме?

 

О, «лекавая» цішыня!

Не ўсё так проста, гладка, чыста —

Пакутаў катавых радня,

Сястра апошняга садыста.

 

Яна пранізвае мяне

І вострыць нож за кожнай шыбай.

І кіпцюрамі па-за сне

Крамсае кожны нерв, як дыбай.

 

Усіх я ў думках абдыму,

Хто ў сэрцы, хто яшчэ ў паміне...

Ляжаць у хаце аднаму —

Нібы ў прасторнай дамавіне.

 

І мары ў чорнай сумятні

Няздзейсненасцю дол капаюць.

Яны мае — дзе ні зірні —

Нябожчыкамі падступаюць.

 

Ад неадступных думак-хмар

У сэрцы горычы завея.

Хто бачыў пахаванне мар,

Мяне да болю зразумее.

 

О, ад званка і да званка

Не жыць без смеху і без суму.

Хто — філасофіі пінка,

Хто — надакучліваму тлуму...

 

*

І ўсё ж я раніцай — на двор.

Праменіць неба, а не зорыць.

І праваруч знаёмы бор

Мне цішыню прыветна дорыць.

 

Насупраць, з левае рукі,

Вялікапольны гай зялёны,

Цецерукамі гаваркі,

Ва ўчора, як і я, ўлюбёны.

 

Бо сёння гаю — цішыня,

Спіць вінавата, сумналіка.

Цецерукоў тых балбатня

Даўно ў мінулым — ні чу-фыка.

 

А вёска што?

Няма яе.

Лічы, Карпілаўкі не стала.

Бацькоў, вяскоўцаў нестае —

І цішыня ў душу ліе

Цяжар тугі, цяжэй метала.

 

Нішто не вернеш, плач не плач,

Рэальнасць коліць, як ядловец.

На целе вёскі скулы дач,

А ў вёсцы дачнік — не вясковец.

 

О, каб у сённяшняе «ёсць»

Вярнуць «было» — ўявіці цяжка...

Што тут была за прыгажосць!

Прырода-неруш, неруш-казка!

 

А моладзь?

Ці ж лічыў хто нас

Гурты хлапцоў, дзяўчат букеты?!

І хоць «душыў» усіх калгас,

Для вёскі той «вясковы» час

Бліжэй, чым звыштэхнічны гэты.

 

Мой родны кут згубіў, што меў,

Сціхае й памяці галоска.

І душы пакідае спеў,

І не спявае сёння вёска.

 

*

Вёскі...

Выміраючыя вёскі...

Сёння вы — сапраўднай вёскі цень,

Адгалоскі даўніны, абноскі —

«Отраженье русских деревень».

 

Вы старых нагадваеце птахаў —

Селі адпачыць, ды не ўзляцець.

І няма каму, бы ў фільме жахаў,

Ні дзяцей тут нараджаць, ні пець.

 

Без гаспадароў — двары расхлябы,

Там, дзе ёсць душа — з бязвыйсцем шлюб.

На ўсю вёску — тры-чатыры бабы,

На ўсіх баб — адзін струхнелы зуб.

 

Мужыкі ж, пасля шасці дзесяткаў,

Ў вочы лёсу: — На які ты лях!

Аджылі па-свойму, без астатку,

І сышлі у свой «апошні шлях».

 

Вось і ўсё...

Гісторыі ухмылка...

Вёска-прамысловасць — крылы два.

І адно зліняла да падкрылка —

Дык няўжо: «хоць не расці трава?»

 

Вёска з галавой улезла ў скруху,

І ў тупік пакорліва брыдзе.

Вёска — прывід.

Днём нідзе ні духу,

Вечарам — агеньчык дзе-нідзе.

 

Новае — ні рыба і ні мяса,

Хай сабе і з шчодрае рукі,

Хай сабе прыгожая грымаса

Антывёска — аграгарадкі.

 

Я — у вёсцы...

І мой слых збалелы

Прагна просіць: — За-ку-гуй, дзіця!

О як не хапае дэцыбелаў

Светлага, здаровага жыцця.

2010


2010

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.