epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Чорная рэчка

Расклала моладзь

вогнішча ля рэчкі,

Як раскладала спраўна

з году ў год.

Хтось скача праз агонь —

смех, жарты, спрэчкі,

А хтосьці водзіць

з песняй карагод.

 

Падміргваюць у небе

зорак вочкі,

Запальна ноч

Купальская гудзе.

Плятуць дзяўчаты

зграбныя вяночкі,

Пускаюць іх

з прышэптам па вадзе.

 

Прыгожае, хвалюючае свята!

І казачнасць, з якой

цікава жыць.

Імкнуцца ўпотай

хлопцы і дзяўчаты

Здзяйснення мар усіх наваражыць.

 

І вось адна дзяўчына

Ўсхвалявана

Вяночку праспявала

Наўздагон:

— Плыві, плыві туды,

дзе мой каханы,

Магчыма, ты падкажаш мне —

Дзе ён.

Была дзяўчына

краскаю чароўнай,

Недасягальнай марай

для хлапцоў.

І вось адзін з іх

сігануў раптоўна —

З абрыва ў рэчку

кінуўся без слоў.

 

Схапіў вяночак...

Але крык адчаю

Пачуўся ў цемры

й захаплення крык:

— Вось твой вяночак!

Я яго трымаю!

Збылася мара —

я цябе кахаю!..

І ціха стала.

Ў рэчцы хлопец знік...

 

Рачная плынь —

не мелкаводдзя завадзь,

Дзе можна смела

й на сяродку стаць.

А хлопец згінуў,

бо не ўмеў ён плаваць,

Затое, як ніхто,

умеў кахаць.

 

Не, не было такога

ноччу зорнай,

Паданне гэта

даўніны сівой.

А рэчка ўсё ж

завецца рэчкай Чорнай,

Хоць ганарыцца

воднай сінявой.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.