epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Чорная вясёлка

Дзіўная рэч — ад пасады, прафесіі

Можна залежаць не толькі ў жыцці.

І пахавальныя нават працэсіі

Маюць ранжыр — дзе тут праўду знайсці?

 

Ёсць — мнагалюдныя —

многачынушныя,

Тут — і вянкі,

і натоўп, як сцяна.

Ёсць і бяздушныя —

звышпаказушныя —

«Вольвы», «таёты» вакол — круцізна.

 

Сёння працэсія крочыць звышсціплая —

Кветкі — у слоіку, два-тры вянкі,

Жонка нябожчыка, з гора асіплая,

Побач — яго нестарыя бацькі.

 

Следам брыдзе «аднадумства» вясковае,

Хто здольны кратацца — жменька ўсяго.

Людзі, якія паменшыць гатовыя

Гора любое — і дзеляць яго.

 

Спераду ў кузаве, хвояй аздобленым,

Тросся нябожчык у чорнай труне...

Лёс Беларусі, бядой перароблены,

Плач і жалоба — яго не кране.

 

Гэту бяду «памяншалі» няпраўдаю,

А расцягнулі яе на вякі.

Праўду душылі хлуслівай блакадаю:

«Дрэвы хай гінуць — ратуйце сукі!»

 

Бог ім суддзя!..

Наглытаемся гора мы,

Многа разоў пабрыдзём за труной,

Будзем аплочваць і душамі хворымі,

І нашым будучым — страшнай цаной.

 

*

Могілкі блізка ад вёскі засмучанай —

Вунь ён, пагорак, і дрэваў чубок.

Могілкі... вёска...

Бядою атручаны,

Туга заблытаны лёсу клубок.

 

Шмат пакаленняў у смутку таўпехала

Гэту адлегласць — туды і назад...

Колькі вяскоўцаў сюды пераехала!

Больш чым у вёсцы жыве сёння...

Шмат!

 

Могілкі... вёска...

Адзінае цэлае,

Ператвараецца ў сон мітусня.

Вечныя колеры — чорнае, белае

З кожным штодня — да апошняга дня.

 

*

Знялі з машыны труну тую чорную

І асцярожна па свежых камах

Моўчкі паднеслі да долу прасторнага —

З гакам капалі — сялянскі размах.

 

Цяжка нябожчыкам зваць расквітнелае —

Твар малады, а гады — маладзей.

Колькі злягло ў гэта сэрца скалелае

Згаслых пачуццяў, імкненняў, надзей...

 

Вось старшыня сельсавета завучана

Слова сказаў: — He паможаш бядзе.

Спраўна, адвечна спраўляюць заручыны

Смерць і жыццё — і не дзецца нідзе.

 

Перад хваробай і долам — мы роўныя...

Шмат чаго вылушчыў рот старшыні,

Ды не сказаў ні гугу пра галоўнае —

Мусіў працягваць блакаду хлусні.

 

Як і чаму ратавальнай іконаю

На пахаванне прыбыў старшыня?

Сёння ж хаваюць не шышку раённую,

Ды і нябожчык яму — не радня.

 

Просты адказ: кіраўніцтва — за працаю!

З верху да нізу спусцілі загад:

«Выбіць з мазгоў у людзей радыяцыю!»

Вось і на могілках сёння дагляд.

 

Той, хто памёр, сустракаўся з рэактарам,

Сёння — разлік, хоць раві тут раўма.

Многа пазней ён бы стаў «ліквідатарам»,

Сёння — такога і слова няма.

 

Сёння пра гэта й шаптаць забаронена,

Хоць беспрасветна абклала бяда,

Хоць пагражае паветра, гародніна,

Поле жытнёвае, ў студні вада.

 

Сёння хварэць абы-чым не дазволена —

Ад радыяцыі — смех паміраць.

І медыцына пісала зняволена —

Смерцю Чарнобыль не здольны караць!

 

Вось і ляжаў у труне «прастудзіўшыйся»,

А па-сапраўднаму — злёг у труну,

Першых, гарачых часцінак «напіўшыся»,

Той, хто не ўдзячнасць займеў, а ману.

 

Зноў сутыкнуліся праўда з няпраўдаю —

Гінуць нявінныя — страсці кіпяць...

Фёдар — ахвяра, бо цэзію, радыю

Сэрца падставіў — пражыў дваццаць пяць...

 

Загрукацеў малаток, забіваючы

Ў века цвікі,— як апошні салют...

Лёс, не заўжды справядліва караючы,

Зноў не таму аб’явіў свой прысуд.

 

Хутка Таццяну абклала бяздонная

Багна пакутніцтва, страты дрыгва.

Лёсу капрыз — нібы бура шалёная:

Жонка — учора, а сёння — ўдава.

 

— Вось і адна...— Сэрца болем азвалася.

Боль яшчэ большы сказаў: — He адна...

Шчасце мінула — яна ж рыхтавалася

Доўжыць жыццё — «ў палажэнні» яна.

 

*

— Горка! — крычала застолле падпітае.

«Горка» — на ім пацалункаў пячаць.

«Горка» адвечнае і знакамітае

Будзе на кожным вяселлі гучаць.

 

Фёдар з Таццянай амаль не садзіліся —

«Горка» плыло над сталамі, гуло.

І маладыя усмак маладзіліся,

Вуснам не горка — салодка было.

 

Іхняе горкае ліха жыццёвае

Блізка было.

А пакуль што яны

Песню кахання сумесную, новую

Сэрцамі пелі ў абдымках вясны.

 

Дні замільгалі хвілінамі хуткімі,

Дні, як блізняты, шчаслівыя ўсе...

Раптам дыхнула трывожнымі чуткамі,

Быццам Чарнобыль пакуты нясе.

 

А неўзабаве павестка дасужая

Федзю паклікала ў ваенкамат.

І пакацілася доля замужняя —

Доля бязмужняя — у заняпад.

 

Мужа схапілі, яе не спытаўшыся,

Для ваенкома: сям’я — не сям’я.

Цяжка адной, з гаспадаркай застаўшыся,

Ну а цяжарнай — цяжэй удвая.

 

Фёдар праз месяц вярнуўся «скамечаны»,

He, не вярнуўся — прывезлі яго.

Сіл не было, пажаўцелы, прыгнечаны —

Ператрымалі ля пекла таго.

 

Фёдар згараў на вачах, прымірыўшыся

З тым, што спісалі яго дактары.

Ён і ляжаў як «наскрозь прастудзіўшыйся» —

Ёсць жа загад, што спусцілі згары.

 

Час, нібы плынь небяспечна-бурлівая,

Лодку жыцця разаб’е — хоць чыю...

Доля шчаслівая і нешчаслівая —

Кожны сустрэне — толькі сваю...

 

— Федзечка... Федзя...

Да скону — ніколі мы

Разам не будзем, хоць сэрцам крычы...—

Гэтыя думкі Таццяну няволілі

З ранку да вечара, днём і ўначы.

 

Ад успамінаў — шчымлівага водару —

Сёння ў Таццяны трашчыць галава.

Боль свой нясе на магілу да Фёдара...

Сёння — пяць год, як Таццяна ўдава.

 

Могілкі... Вёска...

Дарога знаёмая —

Сувязь між імі адвечная ёсць.

Нехта ж зазначыў — на могілках дома я,

Тут, на зямлі,— чалавек толькі госць.

 

Раптам Таццяну сынок яе — Яначка,

Што завіхаўся за ёй па пяску,

Збіў з успамінаў: — Стаміўся я, мамачка!..

Маці ўзяла хлапчука за руку.

 

— Хутка ўжо тата?..

Во доля праклятая...

Помнік стаў татам для Янкі даўно.

Хіба ж у гэтым дзіця вінаватае

Што свайго тату не знала яно?

 

Бацька і сын праз мяжу апынуліся.

Сын — падыходзіў, а бацька — пайшоў...

Толькі паўгода... Яны размінуліся,

Каб не сустрэцца да скону вякоў.

 

Помнік глядзеў фотакарткаю татавай,

Янку здавалася — тата жыве.

«Хутка ўжо тата?..» —

Як выбух набатавы,

Зноў у Таццяны гуло ў галаве.

 

Татава ласка, як сонейка яснае,

Збегла ад Янкі, зайшло за гару.

Доля шчаслівая... доля няшчасная...

Раптам хлапчук пацягнуўся ўгару:

 

— Мама! Якая вясёлка прыгожая!

Погляд Таццяна ўзняла ад зямлі —

Хмары, нібыта навала варожая,

Цяжка, маўкліва, навобмацк паўзлі.

 

Ціха ляжала зямелька дакорная,

А над зямлёй сапраўды ў вышыні

Ззяла вясёлка...

— Сынок! Яна чорная! —

Вырваўся крык у Таццяны...—

Зірні!

 

— Мамачка! Што ты? Яна — каляровая!

Вунь яна ззяе! А чорная дзе?..

Маці хіснулася, як нездаровая,

Ўсё паплыло, як кругі па вадзе.

 

Янка збянтэжыўся... Ціха ўжо, нанава,

Мовіў нясмела:

— Вясёлка... пабач...

Боль перасіліла сэрца Таццяніна:

— Пажартавала я, сынку... Прабач...

 

*

Сёння пажар той бяды не патушаны,

Страх, невядомасць — за кожным акном.

Непрадказальны Чарнобыль, раз’юшаны,

Кружыцца над галавой груганом.

 

Кружыцца гэта драпежнасць нябачная,

Цэліцца ў нас кіпцюрамі, а мы —

Ранак сустрэнем — і, Богу удзячныя,

Ноч напаткаем — і свет наш — нямы.

 

Раніцу хоць сустракаем — ды золкую —

Доля няшчасная... Доля-нуда...

Неба смыліць невясёлай вясёлкаю,

Чорнай вясёлкай прыходзіць бяда.

 

Параспаўзалася гора — і плодзіцца,

Слепа і жорстка — да горла з нажом.

Чым чалавек ад яго адгародзіцца?

Помнікам і надмагільным крыжом.

 

Й слых распаўзаецца, некім падкінуты:

«Як нам без атама ў атамны век?..»

Гэта — плявок у бязвінна загінутых,

Гэта — знявага цябе, чалавек.

 

Ты, Беларусь, ад выцця памінальнага

І ад жалобы, ад мноства смярцей —

Іншая — права не маеш маральнага

Атам хваліць на магілах дзяцей.

 

Тхне ў нас агіднацю гора прыблуднае,

Як ні глядзі — са шматлікіх бакоў.

«Мірнаму атаму» песні — падсудныя,

Клятыя будуць да скону вякоў.

1988


1988

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.