epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Чорны гумар

Баюся, каб не быць бядзе.

Схапіў я забароны тыя —

І сівізной па барадзе,

І рэбрына чагосці ные.

 

Мне ўтумкалі даўно бацькі,

Што грэшнікі Адам і Ева.

Я ўсё жыццё йшоў напрамкі

Цяпер — пачаў глядзець налева.

 

Не дайце мне туды крутнуць,

Я дому, я сям’і належу.

Чыё б мне сэрца закрануць?

Хто ўчуе? Ад каго залежу?

 

О, гэта «лева», як сіло,

Душа там стыне, сэрца гіне.

І там «налева»,— што было,

Чым жыў — усё пад ногі кіну.

 

Мне гэта «лева» — ў сэрца нож.

Ноч для пачуццяў ацалелых...

Іду, гляджу налева ўсё ж,

Чытаю: «Дом для прыстарэлых».


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.