epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Чорны колер

У палітры жыцця

чорны колер нікому не трэба,

Чорны колер, ён лішні,

непатрэба усіх непатрэб.

 

Хтосьці можа спытацца —

а як нам без чорнага хлеба?

І адказ будзе просты:

— Ці ж ёсць у жыцці чорны хлеб?

 

«Чорны» хлеб мáе колер

грачышнага мёду,

«Чорны» хлеб мае колер загару

хлебаробавых рук,

«Чорны» хлеб мае колер

ураджайнага кожнага году,

Калі ёсць умалот —

сто цэнтнераў, не меней, на круг.

 

Я не ведаю што,

можа чорнае быць у прыродзе,

Нават у гругана —

не, не чорнае, з сінім крыло.

Праўда, чорная зайздрасць —

чамусьці завецца ў народзе,

Колер чорны ў жалобы,

ды лепш бы яе не было.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.