epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Чужога болю не бывае

У тым, што Алег спачувае чужой бядзе і чужому болю, ледзь не як свайму ўласнаму, няма нічога дзіўнага. Кожны чалавек суперажывае разам з роднымі, блізкімі, знаёмымі, падзяляе з імі радасць і гора — таму і мае права называцца сапраўдным чалавекам.

Бываюць выключэнні сярод людзей, але гэта толькі адзінкі і пра іх не варта гаварыць.

Але Алег, нягледзячы на свае ўсяго дзесяць гадоў, адкрыў у сабе здольнасць чуць боль, як яго лічуць, нежывога асяроддзя.

Упершыню хлопчык заўважыў гэта падчас летняга класнага паходу ў знакамітыя Купалавы Акопы, куды пясняр колісь наязджаў да сваёй маці і дзе пісаў свае знакамітыя творы.

Там, у Акопах, вучні разам з настаўнікам вырашылі заначаваць. Усе былі ўзрушаныя і ўсхваляваныя ад магчымасці ступаць па зямлі, па якой ступаў сам Янка Купала. Вучняў не менш радавала і пазакласная шматдазволенасць, калі можна крычаць, скакаць ці, як кажуць, хадзіць на галовах.

Хто цягаў ражны для кастра, хто абіраў бульбу, хто рэзаў хлеб і каўбасу — усе былі пры справе. Раптам Алегаў аднакласнік Эрык схапіў сякеру і, на хвалі гэтай шматдазволенасці, ссек бярозку, якой было, як і вучням, 10—12 гадоў. Бярозка ўздрыгнула духмянай лістотай і бездапаможна ўпала вершалінай да ног аслупянелага Алега. Яму падалося, быццам гэта яго жыццё падсеклі па жывому і кроў сцякае ў зямлю, быццам гэта ён упаў галавой да нейчых ног і ўжо ніколі не паднімецца. Алегава сэрца пранізаў востры боль, камяк крыўды і жалю душыў горла.

Алег перахапіў з рук Эрыка сякеру і з дакорам прамовіў, амаль прастагнаў:

— Ты думаеш, ёй не баліць? Навошта ты знішчыў дрэўца? Ды якое дрэўца — бярозку!

— Табе што, мала бяроз у лесе? — не раздумваючы адказаў Эрык.— Вунь іх колькі — сячы не перасячэш!

Алег узвысіў голас:

— Ты ведаеш, колькі людзей у свеце? Лічы не пералічыш! Дык што? Па-твойму, можна забіваць па аднаму, дзеля забавы? Цябе, напрыклад, Эрык! Згодзен?

— Ну ты, Алег, дзівак! Параўняў маё жыццё з нейкай бярозай. Лячыцца трэба!

Потым шмат начэй снілася Алегу паміраючая бярозка, лісце якой жаласліва шапацелі: «За што?.. За што?..»

Другім разам Алег адчуў боль зямлі пасля таго, як напаткаў непадалёку ад дарогі на шаўкавістай лугавіне вялізную чорную пляму невядомага мазуту. Відаць, нейкі трактарыст зліў з прычэпленай цыстэрны адработку на зямлю, каб не везці яе за шмат кіламетраў да спецыяльнага сховішча на нафтабазе.

Менавіта тут Алег пачуў крык зямлі, якая не здольна паглынуць атрутную вадкасць, і ўсім сэрцам успрыняў пакуты шаўкавістай травы, рамонкаў і лугавых званочкаў, апынуўшыся пад смяртэльным покрывам. Алег удыхаў едкі пах мазуту і чуў, як усё наваколле напаўняе стогн зямлі: «За што?.. За што?..»

Яму чамусьці ўспомніўся Эрык, які, напэўна сказаў бы тут: «Ці ж мала ў Беларусі лугоў? Забруджай не перазабрудзіш...»

І зноў Алегу сніўся жах, быццам ён сам ляжыць і задыхаецца пад чорным ядавітым пакрывалам і на сваім твары адчувае клейкія паміраючыя пялёскі рамонкаў і званочкаў.

— Алежык, чаму ты стогнеш у сне? Што табе сніцца, сынок? — занепакоена пыталася маці.

Алег хацеў адказаць, што сніцца яму чужы боль, але спахапіўся і, замест адказу, выдыхнуў:

— Не, чужога болю не бывае...

Маці нічога не зразумела, але, каб не засмучаць сына, пагадзілася:

— Не бывае, сынок, не бывае...

Як вядома, вясной, пасля сыходу снегу, зямля мае шэра-рыжы выгляд. Гэта сухая, міжлагодная трава, быльнёг і ўсякае смецце надаюць такую непрыгляднасць наваколлю. Але пасля першага дожджычку ўсё вакол зелянее і прымае прывабнае аблічча. Ды, на жаль, ёсць такія людзі, якія не чакаюць першага дожджыку, а падпальваюць паслязімовую сухату.

Вось такую гарэласць убачыў Алег. Убачыў і жахнуўся:

— Там жа гінуць розныя кузуркі, жучкі, жабкі! Там жа чмяліныя гнёзды ў зямлі! Там гіне жыццё!

І Алег кінуўся да агню, здымаючы на хаду з сябе куртачку. Ён, хлапчаня, ля шырокай аблогі чырвонага агню і чорнага дыму, сам выглядаў здаля маленькай жывой істоцінкай, якая кінула смелы выклік небяспечнай стыхіі.

Алег з усяе сілы малаціў куртачкай па полымі, якое бязлітасна абыходзіла хлопчыка з усіх бакоў і ўспыхвала, з дапамогай ветру, з новай сілай.

Калі падбеглі на дапамогу аднавяскоўцы і аднакласнікі, агонь настойліва набліжаўся да вёскі, пагражаючы пабудовам і ўсяму жывому.

Падмога прыімчалася своечасова, бо галоўны «агняборац» — Алежка, абяссілена ляжаў на чорнай выпаленай зямлі з апаленымі рукамі і валасамі на галаве.

Агонь пагасілі і вёску ўратавалі, а Алега адвезлі ў бальніцу.

Назаўтра, увесь яго клас сцішана ўвайшоў у бальнічную палату. Не было толькі Эрыка, але яго адсутнасць ніхто не заўважыў.

Алег неяк сціпла, нават сарамліва прамовіў:

— Дзякуй вам... мне ўжо лепш, я вельмі рады... Навошта ж так...

Хтосьці з вучняў адказаў за ўсіх:

— Чужога болю не бывае...



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.