epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Чужыя думкі

Усе чулі пра Лесавіка, які, быццам, гаспадарыць у лесе. Чуць чулі, але ніхто ніколі яго не бачыў.

Ніхто, акрамя зайца Віславушыка. Віславушыкам звалі яго ў лесе ўсе таму, што адно яго вуха ніяк не хацела трымацца ўгару, а абвісала. Гэта надавала яго выгляду камічнасць.

У вочы ніхто з яго не смяяўся, але заяц здагадваўся, што тут не ўсё, як кажуць чыста. Але, паколькі, чужых думак не прачытаеш, здагадкі заставаліся здагадкамі.

Трэба сказаць, што Віславушык быў ветлівым, дружалюбным і даволі вясёлым зайцам. Ён ніколі не сумаваў і ні на што не скардзіўся.

Дык вось, вернемся да Лесавіка, якога Віславушык усё ж бачыў. Дакладней, Лесавіком яго назваць даволі цяжка, настолькі ён быў маленькі.

А звалі яго Лесавічок-зялёны бачок, бо меў ён зялёную вопратку, гэткага ж колеру боты і толькі капялюш быў на ім чырвоны, ды і той у белыя кропачкі. Віславушык спачатку палічыў яго за мухамора.

А пачыналася іх знаёмства так. Бег аднойчы заяц у бок вёскі, спадзеючыся паласавацца там гароднінай. Бег, як заўсёды, у добрым настроі і з песняй.

Раптам Віславушык пачуў аднекуль плач і крык аб дапамозе. Паколькі ў яго было добрае сэрца, ён забыўся на сваю любімую гародніну і крутнуў у той бок, адкуль чуўся плач.

Віславушык убачыў мухамора, які ўблытаўся ў калючы куст дзікай шыпшыны, але, наблізіўшыся зразумеў, што гэта ніякі ні мухамор, а маленькі зялёны чалавечак у чырвоным капелюшы. І як ні намагаўся чалавечак выблытацца, ён толькі больш трапляў у палон калючак.

— Дапамажы, Віславушык! — узмаліўся чалавечак,— Я табе за гэта аддзячу!

Заяц здзівіўся:

— Адкуль ты ведаеш маё імя? І хто ты такі?

— А я ўсё пра ўсіх у лесе ведаю, такая у мяне пасада. Я — Лесавічок-зялёны бачок.

Паколькі Віславушык быў міласэрным, ён адказаў:

— Хто б ты ні быў, я табе дапамагу! І аддзякі тваёй мне не трэба.

Ён паскалоў сабе ўсе лапы пакуль выблытаў свайго новага знаёмага з калючага куста.

— Хух! Ну ты і ўблытаўся! І чаго ты палез у гэтыя калючкі?

Былы палонны, папраўляючы сваю вопратку, сазнаўся:

— Зараз восень і спелая шыпшына мне вельмі падабаецца. Яна і карысная, і смачная. Толькі вось занадта высока яе плады.

Віславушык усклікнуў:

— Дык вось у чым твае праблемы! Давай я нагну гэты куст, а ты нарві сабе ягад, колькі табе трэба.

І заяц, асцярожна, каб яшчэ больш не пакалоць лапы, пачаў па чарзе нагінаць галіны куста, а Лесавічок-зялёны бачок набраў ягад поўныя кішэні.

— А цяпер бывай! — гукнуў заяц,— Я і так тут з табой забавіўся, мяне чакаюць у вёсцы важныя справы.

— Пачакай! — спыніў яго Лесавічок,— Я ж хачу табе аддзячыць. Што б ты хацеў?

— Я? Нічога!

— Падумай, не спяшайся! Я ўсё магу.

Віславушык паскроб за сваім апушчаным вухам і спытаўся:

— А ці можаш ты зрабіць так, каб я чытаў думкі маіх сяброў і знаёмых? Ну, скажам, Ваўка, Лісы ці, няхай сабе, Мядзведзя?

Лесавічок здзівіўся:

— А ты не баішся праз гэта страціць сяброў?

— Не баюся! — упэўнена адказаў заяц,— Другога я не хачу!

— Ну, гэта дык гэта... Няхай будзе па-твойму. Бывай! — і Лесавічок знік.

Задаволены Віславушык паімчаў, але не ў бок вёскі, а па лесе, шукаць сустрэчы з сваімі сябрамі і знаёмымі. Яму не цярпелася праверыць свае здольнасці і даведацца, хто і што пра яго думае.

Першым яму сустрэўся воўк.

— Вітаю цябе, весялун! — прывітаўся ён,— А ты, нягледзячы на набліжэнне зімы, не сумуеш. Малайчына!

Не сказаць, што заяц лічыў Ваўка сваім сябрам, таму, не набліжаючыся блізка да яго, адказаў:

— Вітаю і я цябе!

Адказаў і пачаў напружана прыслухоўвацца, ці не пачуе, апроч Воўчых слоў, яшчэ што-небудзь.

Воўк жа пра сябе падумаў: «Эх, быў бы ты бліжэй да мяне, я б паказытаў зубамі тваю пячонку».

Віславушык лупянуў прэч.

— Ого! Трэба яго надалей аббягаць за вярсту! А такім сябруком прыкідваўся.

Заяц, разважаючы, ледзь не наскочыў на Лісу.

— О-ё-ёй! — заспявала ліслівым голасам яна,— каго я бачу! Сустрэча з табой, Віславушык, для мяне заўсёды радасць! Памятай гэта заўсёды і не абмінай мяне, не пазбаўляй радасці.

І Ліса, аблізнуўшыся, пабегла далей.

Заяц напругся і ў яго вушах пачулася: «Бегай, бегай, нагульвай тлушч! Добры будзе для мяне абед».

У Віславушыка ад страху абвісла і другое вуха.

— Вось гэта дык сябры! Такіх сяброў лепш не тое, што згубіць, а не мець увогуле.

У бедалагі сапсаваўся настрой і ён асцярожна паклыпаў далей, з небяспекай пазіраючы па баках.

А тут якраз — насустрач Мядзведзь.

— Здарова, Касавокі! Табе, што лета, што зіма — аднолькава. Прыг-скок, прыг-скок, то прама, то ўбок. Ха-ха-ха!

І Мядзведзь паклышаножыў далей.

У зайцавых вушах пачулася: «Што мне на яго квапіцца! Усё роўна я яго не даганю. А шкада. Пэўна, смачны».

Віславушык уздыхнуў:

— Няўжо ж у лесе няма сяброў для мяне?

Раптам ён нос у нос сутыкнуўся з Вожыкам. Заяц насцярожыўся і падумаў: «Гэты увогуле і калючы, і страшны. Ды вунь яшчэ як чмыхае носам. Не, ад яго трэба трымацца далей».

Вожык прывітаўся першым:

— Вітаю цябе, дружа! Нейкі ты напалоханы. Што здарылася?

— Што здарылася, тое і здарылася! — Тыркнуў Віславушык,— А табе якая справа?

І пабег прэч. Адбегся і пачуў у вушах:

«Эх, бедалага... Такая добрая душа і такая безабаронная. Няхай яму пашчасціць безгалодна перазімаваць».

Віславушык кінуўся назад, каб папрасіць у Вожыка прабачэння за свае паводзіны, але яго ўжо не было.

Раптам зверху хтосьці застракатаў. Ён зірнуў уверх і ўбачыў Сароку.

— Скачы, скачы! — стракатнула яна,— Ды не лянуўся ўцячы!

— Ад каго? — спытаўся заяц.

Сарока паляцела далей, напаследак стракатнуўшы:

— Шмат у лесе жыхароў — і сяброў, і не сяброў...

Віславушык сумна выдыхнуў:

— Гэта я ўжо ведаю і без цябе. Разбярыся тут, хто сябар, хто не...

Далей ён сустракаў Казулю, Лася, Цецерукоў і Курапатак. З прыемнасцю даведваўся, што ў іх добрыя сэрцы, што і ў іх шмат ворагаў.

Віславушык успомніў Лесавічка-зялёнага бачка і падумаў: «Хіба ж я страціў сяброў? Наадварот мне адкрыліся вочы на сапраўднае сяброўства».

Невядома, здольныя Віславушык і яго браты-зайцы чытаць чужыя думкі ці не, але з тае пары яны аббягаюць далёка і Ваўка, і Лісу і іншых драпежнікаў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.