epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Цымбалы

Памяці Басарэўскага

 

Калісьці вёска —

Праца, пот,

Калгас у кожным

горле комам.

Тады, ў свае

шаснаццаць год,

Я гарманістам быў вядомым.

 

У вёсцы —

Гарманіст, як поп,

Пашанны, знаны,

як дажынкі.

І я ў той час

Быў нарасхоп —

Іграў па вёсках вечарынкі.

 

«Заламваць мех» —

нялёгкі хлеб,

Тым больш ўсю ноч —

Цяжкая праца.

А я ж тады быў,

як прышчэп,

Што ледзь пачаў

Укараняцца.

 

Бывала, хлопцы —

ну й народ,

Па п’янцы з кулакамі лезлі:

Адзін —

Заказвае факстрот

Камусьці вальс «сцялі пад бот»,

Другі пярэчыць —

«Польку» рэзні!

 

Ды гэта ўсё —

звычайны тлум

Падпітых хлопцаў ганарыстых...

Жыве ў душы салодкі сум,

Галоскі успамінаў чыстых.

 

Не кожны успамін кране

Сабой званы

душэўных звонніц.

Ды ёсць такі —

як ля мяне,

З цымбаламі сеў незнаёмец.

 

Я бачыў іх упершыню,

Раней я іх

Не чуў і вухам.

Мне падалося —

быццам сню

Чароўнасць незвычайных гукаў.

 

І гэты цымбаліст сівы,

Сама нібыта геніяльнасць.

Ад хвалявання

ледзь жывы,

Я йграў, трапляючы ў танальнасць.

 

Як упрыгожылі мой лёс

Гадзіны тыя і імгненні!

Які быў цуд!

Які дзівос!

Цымбалы ў нашай глухамені.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.