epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Да лета хінуся

Да лета хінуся —

нібыта да маці,

А лета так мала

на нашым вяку.

Люблю спаць на сене духмяным —

не ў хаце,

Памарыць люблю на траве, у цяньку.

 

Гасціннаму лету удзячны за гэта,

Прытуліць яно,

прыхіне яно нас.

І сам — бы часцінка

кароткага лета,

Былінка, якая завяне праз час.

 

Шаўковыя травы

і сціплыя краскі

На лузе, у полі —

бярозы і бор.

Я выйшаў з прыроды,

нібыта бы з казкі,

У гэта жыццё,

на бязмежны прастор.

 

У года для лета —

тры месяцы-долькі,

Прабачце астатнія вершу майму.

Я цёплае лета люблю,

ды не толькі —

І восень люблю,

і вясну, і зіму.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.