epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Да наступнага юбілею

Вечар цепліцца —

Ледзь-ледзь,

Захад цэдзіць

Ружовасць алею.

Не імкнуся я

Дарыпець

Да наступнага

Юбілею.

 

Дажыву —

Дык нап’юся ўдым

І засну

Сумнай мордай на блюдзе.

Ах, як радасці

Мала ў ім,

Яшчэ меней

Цікавага будзе.

 

Юбілей —

Нібы цень на сцяне,

У сучасным —

Мінулага здані.

Смешна.

Ўхвальванні слухаць мне,

Горка будзе

Ўспрымаць віншаванні.

 

Цераз гэта

Я ўсё прайшоў,

Ўсё было,

Ўсяк было —

Напаміне.

Не успеніцца

Чутым кроў,

Ад вачэй спачувальных

Прыстыне.

 

Што ж, ад лёсу

Не дзецца нідзе —

Што наперадзе?

Сум?

Святкаванне?

Што гадаць,

Калі курка ў гняздзе,

А яечка ці будзе?

Пытанне!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.