epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Да пабачэння!

Лес раптоўна вырас белым гмахам —

Колькі снегу на яго плячах!

Толькі б утрымаўся

з голляў дах —

Пад яго усё ж іду са страхам.

 

Я уверх гляджу.

О каб я мог

Голлю памагчы хоць на мінутку.

Раптам — шусь!

Не зверху, а з-пад ног

Заяц плетануў, як снег бялюткі.

 

Праз хвіліну-ф-р-р! І цецярук

Даць нырца уверх

з-пад снегу мусіў.

Сеў незадаволена на сук —

Хто нахабна сон яго парушыў?

 

Бачу — мне не вельмі рады тут,

Тут свае шчаслівыя імгненні.

Да цябе, прыгожы белы кут,

Я вясной прыду.

Да пабачэння!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.