epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Да роднай зямлі

Бывай, хвалёная Амерыка,

Тай за спіной, знікай з вачэй.

А мне да роднага бы берага

Дабрацца як мага хутчэй.

 

Ў цябе шмат чорнага,

Менш белага

Між хмарачосавых дамоў.

Я ад твайго незразумелага

Да роднага лячу, дамоў.

 

Ты, кажуць, баксамі багатая,

Але ж багацце не ў грашах.

Не памяняю сваю хату я

На ўвесь Нью-Ёрк — нязграбны гмах.

 

Унізе акіяна покрыва,

Наш «ІЛ» напружана гудзе.

За Беларусь, за сінявокую,

Больш роднага няма нідзе.

8.VII.1991.

ІЛ-86



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.