epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Да твару твар

Лицом к лицу лица не увидать

С. Есенин

Сярод надзей, няздзейсненасці мар,

Сярод падзей — удачаў і няўдачаў,

Мы з ім штодзень, штоноч — да твару твар,

Мы — нос у нос, як цемра і гушчар,

І ўсё-такі я твар яго убачыў.

 

І да драбніц я вывучыў яго,

Любіў і не любіў, прымаў з уздыхам —

Не проста твар, а твар, жыцця майго,

Адзначанага і святлом, і ліха.

 

Ён, твар жыцця, трымаў мяне ўвесь час

Амаль што без усмешак і без святаў.

Ды значна больш было на ім грымас

І горкіх слёз ад непараўных стратаў.

 

Вунь сонейка зірнула паміж хмар,

Магчыма, дзень рыхтуе мне удачу...

Я бачу твар жыцця — да твару твар,

Яго я на адлегласці не ўбачу.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.