epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дабро і зло

Тварыце, людзі,

На зямлі дабро!

>М. Пазнякоў

 

Шмат бурлівых вякоў

На Зямлі існуе чалавецтва

Ў промнях шчырых памкненняў,

У цемры каварнай маны.

Зло й дабро — спадарожнікі,

Антаганісты,

Суседства.

Даўгавечнасць — яны...

Не, хутчэй — няўміручасць яны.

 

Чалавецтва — дабро!

Чалавецтва, яно ж — небяспека,

Хоць і геніяў шмат,

Ды не менш і вар’ятаў дало.

Можа, Бог памыліўся,

Дарэмна стварыў чалавека,

І пусціў на Зямлю

Назаўжды

Найвялікшае зло?

 

Немагчыма, на жаль,

Зло ад чорных намераў адвадзіць —

І ў сучаснасць дапяў

Генны вірус сівой даўніны:

Зло — адною рукой

І прылашчыць дабро, і пагладзіць.

А другою — знянацку,

Бязлітасна — нож да спіны.

Мы звяр’я і стыхіі,

Мы хваробаў баяцца амаль перасталі,

Нават час, што жыццё скарачае,

Спакойна ўспрымаем яго,

Бо праблема праблемаў

Пакладзена часам на шалі —

Наша зло і дабро,

Процілегласці дзве —

Хто каго?

 

Зло тады, калі гора — не гора,

Бо гора — чужое.

Зло тады, калі боль не баліць,

Бо боль той чужы.

Зло — мая хата з краю,

Ці, каб Ноеў каўчэг ратаваў толькі Ноя,

Зло — ад сэрцаў астылых жывых,

Ад бяздушша душы.

 

Дык няўжо зло ды зло —

І бясконца вяровачцы віцца?

І адкуль столькі жорсткасці,

Столькі крывавых падзей?

Колькі ж зла на Зямлі —

Чалавек чалавека баіцца!

І няўтульна бывае яму

Сярод гэткіх, як сам ён, людзей.

 

Тут ні Бог вінаваты,

Ні нават дасужы нячысцік

Ў тым, што разам з жыццём

На Зямлі зарадзілася й зло.

Семя першае зла

Хтосьці кінуў у глебу калісьці —

У душу чалавецтва,

І яго не адрынула глеба,

Яго прарасло.

 

Хтосьці ўбачыў тады

Зла маленькі, ледзь бачны зародак:

— Гэта ж кропелька зла! Усяго!

А дабра акіян — цэлы свет! —

Як жа ты памыляўся,

Далёкі даверлівы продак!

Колькі вырасла зла з кроплі той,

Колькі бед!

 

Дзень і ноч барацьба...

Дзе падтрымку знайсці?

Дзе падмогу?

І праменіць свяло

У душы — то цямней, то святлей.

Як жа цяжка ў сабе

Над сабой атрымаць перамогу!

Ну, а як чалавецтву?

Яму шматмільённа цяжэй.

 

Калі ёсць недзе цар,

Будуць там і ліслівыя слугі.

А над тлустым карытам,

Там мухі заўсёды гулі.

Не дай, Бог, каб дабро

Завітала да зла на паслугі —

Меней стане дабра,

Павялічыцца зло на зямлі.

 

Дэмакратыя — зло ці дабро?

Ці яна — як люстэрка крывое?

Дэмакратыя — ўсё-ткі дабро...

А адкуль той скрываўлены след?

Колькі ў свеце дзяцей

Тых, што знішчыла «дэмакратычная зброя?»

Колькі мірных ахвяраў

Ад «дэмакратычных» ракет?

 

Шмат іх, сейбітаў зла,

Хоць маленькага зла,

Хоць аднойчы.

Але ж сейбітаў больш у дабра

І ў мінулым, і ў нашыя дні.

Зло й дабро — грудзі ў грудзі,

Зло й дабро, з веку ў век —

Вочы — ў вочы.

Ды, на шчасце, жыццё —

На далонях дабра, дабрыі.

 

Шлях адолее свой

Той, хто выбраў жаданую мэту,

Хто праз цяжкасці лёсу

Імкнуўся ўвесь час да яе.

Зло не ў сілах спыніць

Рух наперад свядомага свету,

Ды адна лыжка дзёгцю,

Яна — ў бочцы мёд падпсуе.

 

Нашы ўсе намаганні,

Нашы мары наперад імкнуцца.

Сумны ж летапіс нашых памылак

Застыў на магільных крыжах.

Безліч зла ў мінулым,

Дзе мужнасці ўзяць — аглянуцца?

Але ў будучыню зазірнуць —

Большы жах!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.