epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дабром за дабро

Пра жыццё на зямлі, якое віруе вакол нас, мы ведаем дасканала. Тут — усё навідавоку. А вось пад вадой — што і як? Скажам, у нашай рэчцы, у якую мы даём летам нырца?

А там — свае парадкі, свае законы. Ды, у адрозненні ад нашых зямных законаў, даволі жорсткія.

У рэчцы спрадвек верхаводзіць... ці, дакладней, глыбокаводзіць шчупак. Ад яго ўсе рыбіны, якія толькі водзяцца ў рэчцы, маланкава ўцякаюць. Нікому не хочацца трапляць у зубастую пашчу рачнога драпежніка.

Праўда, ёсць усё ж адна рыбіна, якая не ведае страху перад гэтым разбойнікам. Гэта — сом. Ён з лёгкасцю мог бы праглынуць шчупака, але сом — незваротлівы ды лянотны. Яму ў спрытнасці далёка да шчупака і характар у яго больш лагодны.

А вось астатнія жыхары рэчкі, такія, як плотка, лінь, язь, лешч, акунь, нават калючы задзіра яршок — усе пасуюць перад бязлітасным шчупаком.

І вось аднойчы ўсё насельніцтва рэчкі са здзіўленнем даведаліся, што нават самая жорсткая істота здольная стаць літасцівай.

А ўсё адбылося так. Шчупак Цап, як заўсёды застаўся ў засадзе, схаваўшыся за падводным карчом, і чакаў чарговую ахвяру. Доўга яму чакаць не давялося, бо міма праплывала бесклапотная плотачка Плынька. Шчупак з разяўленай пашчай знянацку наскочыў на бедалагу і схапіў яе зубамі за хвост.

Звычайна Цап хапаў сваю ахвяру з галавы. А тут — ці ён прамахнуўся, ці плотачка своечасова заўважыла небяспеку і рынулася з усіх плаўнікоў на ўцёкі — невядома. Але, тым не менш, Плынькаў хвост апынуўся ў палоне вострых шчупаковых зубоў.

Узмалілася яна:

— Не еш мяне, шчупак! Злітуйся! У мяне сямёра маленькіх дзетачак. Загінуць яны без мяне!

Шчупак Цап моўчкі слухаў. Ён хацеў сказаць, што з’есць і яе дзетак, але зразумеў — варта толькі раскрыць пашчу для размовы і плотачка знікне.

А яна працягвала:

— Ты ж быў сам некалі маленькім дзіцяткам. Уяві, што ты тады застаўся сірацінкай, без маці. Будзь міласэрным, адпусці мяне. Бачыш, я плачу...

Цап не мог бачыць плотчыных слёз, бо яны, каб і былі, расталі б у вадзе. Але ён адчуў, што вада крыху пасаланела і зразумеў, што Плынька не хлусіць, а сапраўды плача.

Невядома, што паўплывала на бязлітаснага шчупака — ці слёзы плотачкі, ці ўспаміны свайго маленства, але ён злітаваўся і расціснуў зубы.

— Плыві, гадуй сваіх дзетак, але другім разам не трапляй на мае вочы.

Слых пра такое незвычайнае здарэнне маланкава разляцеўся па ўсёй рэчцы. Ва ўсіх рыбін з’явілася надзея на магчымасць мірнага суіснавання з рачнымі драпежнікамі.

Астатнія ж шчупакі наадварот, пры сустрэчы з «літасціўцам» адварочваліся ад яго ці са здзекам цадзілі скрозь зубы:

— Эх ты, безхрыбетнік! Сваім учынкам ты запляміў увесь шчупачыны род...

— Я ж пашкадаваў дзетак... Мы ж самі былі некалі малькамі...

Але яго і слухаць не хацелі.

Ішоў час, і нейкі шчупак-разява патрапіў у сетку, якую бракан’еры закінулі ў рэчку на ноч. І хоць сіла ў шчупака не малая, ды сетку разадраць ён не здолеў. Толькі нарабіў шуму і яшчэ больш ублытаўся.

А ў вадзе, як вядома, і як гэта ні дзіўна, гукі разлятаюцца імгненна і даволі далёка. Таму на шум сплылося шмат розных рыбін-зявак. Але пра дапамогу зубастаму драпежніку ніхто і не думаў, бо ўсе баяліся наблізіцца да яго. Колькі палонны ні маліў пра дапамогу, ніводная рыбіна плаўніком не кранула.

Нават наплыўшыя з усіх бакоў шчупакі абыякава назіралі за сваім сабратам, бо ведалі, што з сеткай благія жарты.

Раптам за ўсёй гэтай рыбнай табалы падплыла плотачка Плынька і яе сямёра крызу падросшых дзетак.

— Што ж вы стаіцё! — усклікнула яна, звяртаючыся да зявак.— Трэба ж ратаваць бедалагу!

Плыньчыны дзеткі захваляваліся:

— Мама, гэта ўблытаўся шчупак, які злітаваўся з цябе?

— Не, дзеткі, гэты шчупак мне незнаёмы, але мы абавязаны дапамагаць таму, хто ў бядзе.

І добрая Плынька разам са сваімі добра выхаванымі дзеткамі, пачалі асцярожны выблытваць абяссіленага небараку.

Астатнія шчупакі пачырванелі ад сораму, і далучыліся да плотачак. У іх і думкі не было, каб накінуцца на Плыньку і яе дзетак.

Хутка бедалага быў вызвалены з палону. Ён звярнуўся да сваіх выратавальнікаў:

— Вы ўратавалі маё жыццё. Я ніколі гэтага не забуду!

Плынька сціпла адказала:

— Без узаемнай дапамогі жыць на гэтым свеце вельмі цяжка.

Шчупакі яшчэ больш пачырванелі.

Невядома, як у іншых рэчках, а ў гэтай з тае пары ўсталявалася спакойнае і мірнае жыццё.

А як жа рыбіны-драпежнікі? Не паміраць жа ім з голаду!

Аказалася, што ў рэчцы хапае ўсялякага рознага, што з часам адмірае і кладзецца на дно. Ды і ў выніку чалавечай дзейнасці сёе-тое неатручанае трапляе ў ваду.

Не выключана, што рачныя драпежнікі заклапаціліся пра сваё здароўе і сталі вегетарыянцамі.

І ўсё ж галоўную ролю сыграла адна добрая справа, якая нарадзіла шмат новых добрых спраў.

Што тут можна дадаць?

І ў нас, на зямлі, за дабро плоцяць дабром.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.