epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Далёкі бераг

Я за жыццё перапаліў не мала

З мінулага мастоў,

нібы хлам’я.

А аказалася —

ля першага прычала

Застаўся там, больш натуральны я.

 

Душу бяскровіш і душу бяссловіш

Адсутнасцю першакрынічных слоў.

Ў маім мінулым я —

ды не адновіш

У першароднасць спаленых мастоў.

 

Так і іду я —

ўсё грудзьмі наперад,

А вочы сэрца —

ўсё глядзяць туды,

На той далёкі, ледзьве бачны бераг,

Дзе я больш натуральны, малады.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.