epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дарога

Дарога...

Дарога — ад Бога й да Бога,

З калыскі да веку старога,

Дарога ў Сусвет ад парога,

Ад казкі да долу сырога.

Дарога...

Адзінае, мабыць,

Што век скарачае, а вабіць

За край-далягляды свае,

Стамляе і сілы дае.

Дарога —

І не адхіліцца,

Хоць бездані, хоць навальніцы,

Хоць адбранзавелі куміры

І згублены арыентыры.

Адзінае — край-далягляд,

Наперад — ні кроку назад.

Надзеі, даўно нежывыя,

Нібыта слупы верставыя

Знікаюць штодзень за плячыма

І іх ажывіць немагчыма.

І зноўку шукаеш вачыма

Наперадзе новы міраж —

З надзеяў і мараў калаж.

Дарога...

Свет дзіўны, далёкі,

Стук сэрца агучвае крокі,

Пранізліва стукае ў скроні,

Нібыта падковамі коні,

Хто першы дапне ў вечны змрок,

Апошні стук сэрца ці крок?

Дарога —

Жыцця таямніца,

Здарожыўся, ды не спыніцца,

Бо доўжыцца рух без прыпынку,

Не спыніцца ні на хвілінку.

І нават хто скуты ў астрозе

Ці бачыць хто сны —

ўсе ў дарозе.

 

*

Дарога...

Калі ўжо дарога,

На ёй спадарожнікаў многа,

Яны — адзіноты пазбавяць,

А часам — падножку падставяць,

Каб не вытыркаўся «разумны»,

А быў, як натоўп гэты тлумны.

Той стане натоўпам да скону,

Хто «масы» абраў за ікону,

Хто мысліць чужымі мазгамі,

А думкі свае — пад замкамі.

Складана ад кпін бараніцца,

Праз шчыльнасць натоўпаў прабіцца

Таму, хто не «левай», а «правай»,

Хто неабнатоўпен дзяржавай,

Хто «я» не аддаў грамадзе,

Сваёю дарогай ідзе.

Дарога...

Знясілле, знямога,

Дарога — не пляц, не падлога,

Дзе хоць вытанцоўвай, круціся,

Не стужка-асфальт, хоць каціся,

А непрадказальнасць штодзёння

І расчаравання бяздонне.

Здараюцца дні, нібы ночы,

Нібыта завязаны вочы,

Нібыта ідзеш супраць плыні,

Якая ўсю сілу абрыне

На грудзі, на ногі — і валіць,

Каб здужаць,зламаць, падначаліць.

Здаецца — ні кроку, ні метра,

І ўжо не хапае паветра,

І рот канвульсуе тады,

Як рыбіна, што без вады.

Дарога...

Для многіх дарога —

Чужых перашкодаў аблога,

Чужога атрутнага бруду

Ад гэткага ж бруднага люду.

І іх, перашкодных, хапае,

Хто яму для іншых капае.

 

*

Спрадвек і да нашага веку

Складана прайсці чалавеку

Свой шлях, захаваць сваё сола

Сярод шматгалосся наўкола.

Бо глушаць салістаў-тытанаў

І бубны бяздарных шаманаў,

І вокрык апрычнікаў строгі,

І прынцыпы ідыялогій.

І хоць не спрыяецца ім,

Ідуць яны шляхам сваім.

Ёсць летапіс светлы, ёсць чорны,

Калі бездухоўнасці жорны

Знішчалі асоб знакамітых,

Духоўных і таленавітых

І іх абрывалі дарогу.

Ды час не знішчаў, дзякуй Богу,

Тварэнняў душы і рукі,

Праносячы іх праз вякі.

Дарога...

Слата, бездарожжа...

Дабро альбо зло пераможа?

Уласнае «я» ці сістэма? —

І гэта — адвечная тэма,

Якую ствараюць удвух:

Фізічная сіла і дух.

Дарога...

І толькі дарога

Адкажа, за кім перамога,

Чые ў няўміручасць сляды,

Чые праляглі ў нікуды.

А гэта даўно не сакрэт —

Адзінкі трымаюць Сусвет,

І тых, каго дух не цікавіць,

І тых, хто бяздушнымі правіць.

 

*

Дарога?

Не страшна! Нічога!

Упэўненасць— ці ж не падмога?

Якія быць могуць ваганні?

Прачнулася звонкае ранне,

Азваліся першыя птушкі —

Сыходжу з асфальтавай стужкі,

Бо хто па асфальце шыбуе,

Нагамі зямлю не адчуе.

І вось пад нагамі зямля!

Дарога — спачатку, з нуля.

Пачатак — не з крылаў, а з крылак,

І не з перамог, а з памылак.

І перапаўняюць адразу

Пытанні і пошук адказу...

Адказы й адказнасць — сугучча,

Прымаю адказнасць рашуча,

Рашучасць — галоўнае крэда,

Рашучасць і прага да ведаў,

Імкненне да звышперашкодаў,

Да значных адкрыццяў, прыгодаў,

Любоў да Радзімы, свядомасць —

І ўся у дарозе «маёмасць».

Наперад! Ні кроку назад!

За сонцам!

За край-далягляд!

2010


2010

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.