epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дарогі

Дарогі — як і мільённаногі спрут,

Нясуць дарогі ў нашы лёсы змены.

Дарогі знойдуць самы дальні кут.

Мы — кропелькі жыцця. Дарогі — вены.

 

І варта толькі выйсці за парог,

І думкамі зямлю апаралеліць,

Свет вабіць незлічонасцю дарог,

Якія ён за далягляды сцеліць.

 

І сэрца з-пад будзёнасці замкоў

У белы свет загадкавы імкнецца.

Дарогі клічуць нас да сваякоў,

Вядуць да тых, хто болей не прачнецца.

 

Ў тупік дарога — для душы турма,

У дом сяброўскі — і душой багаты.

Дарога ў край чужы — даўжэй няма,

І самая кароткая — дахаты.

 

Дарогі доруць нам і Боскі Храм,

Рыхтуюць і грахоў выпрабаванні.

І, часам, цяжка разабрацца нам

На новым, незнаёмым скрыжаванні.

 

Пульсуюць з веку ў век вакол зямлі,

Зліваюцца, звіваюцца, як рэчкі.

Адных дарогі да вяршынь вялі,

Другіх — у бездань, да жалобнай свечкі.

 

Жыццё — дарога. Блаславі нас, Бог! —

Нічога, што спіна шчыміць ад солі.

Шмат чалавецтва бачыла дарог,

Сваю ж апошнюю — ніхто, ніколі.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.