epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дарункі Бога

Жарт

 

Што даў мне Бог,—

калі зляпіў

Мяне з святла і ночы?

Даў рот,

Каб я і еў, і піў,

А для чаго даў вочы?

 

Няўжо,

каб з нецвярозых ног

Не даўся лбом у дрэва?

Ці каб не толькі

прама мог

Глядзець —

Яшчэ й «налева»?

 

Каб бачыў я вясну зімой,

А колер светлы ў чорным?

Ці каб пяшчоціў

погляд мой

Без стомы

Ў небе зорным?

 

Даў дзве рукі —

здзек нада мной,

Я ж здольнасцяў шмат маю —

Трымаю пэндзаль — у адной,

Пяро — ў другой трымаю.

 

Я ж жыў

На закусі й віне

Ў сваім узросце сталым.

А чым трымаць

кілішак мне?

А чым відэлец з салам?

 

Яшчэ дарунак не благі

Даў Бог —

Ці даў каму так?

Бо каб не ён,

не дзве нагі,

Куды б я дзеў абутак?

 

Дарункі не пералічу

Усе —

Адзін ў сакрэце.

А для чаго мне даў свячу?

Я ж тут —

На гэтым свеце.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.