epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дарвініст

Мы ўсе залежым ад абставін,

Як сад ці пчолы ад зімы.

Ў дадатак, як прыдумаў Дарвін,

Залежныя ад малпы мы.

 

А калі так, шыбую шпарка,

Як кажуць, на адной назе,

І праміком у заапарку

Іду да клеткі з шымпанзэ.

 

— Вітаю, мой далёкі продак! —

Зняў капялюш я перад ім.

Ты, дыназаўраў аднагодак,

Застаўся сваяком маім.

 

Далёка я ўперад скочыў

Ад вас, усёй маёй радні.

Я хвост згубіў, застаўся копчык —

Я зняў штаны,— Вось ён, зірні.

 

Табе, каб трошкі пагаліцца,

Ды капялюш, ты б быў — ого!

Не мог жа Дарвін памыліцца,

Назваўшы сваяка майго.

 

Раптоўна заасупрацоўнік,

Як штык, з’явіўся на пасту.

— Адкуль узяўся безштаноўнік?

Схавай сваю сарамату!

 

Людзей набегла, шумна, поўна,

Нібы на п’янку нашчака.

Я ім тлумачу, што раптоўна

Спаткаў свайго тут сваяка.

 

— Не шымпанзэ перад вачыма,

Не нейкі зааэкспанат!

Магчыма дзед ён мой! Магчыма

Тысячаюрадны мой брат!

 

Ці ж ён у гэтым вінаваты,

Што з ім мы не адна сям’я?

Вы ж гляньце, з ім мы, як блізняты,

Не разабраць, дзе ён, дзе я.

 

— У клетку лезь! — галёкнуў хтосьці,

Пачуўся рогат, гвалт і свіст.—

Да сваяка свайго у госці

Залазь, адчайны дарвініст!

______

 

Я веру ў вас, святыя мошчы,

Ў цябе, эвалюцыйны час.

Эх, быў бы Дарвін не нябожчык,

І ён бы ў клетку ўлез да нас.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.