epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Давай памаўчым

Скажы мне што-небудзь, каб дух захапіла,

Каб веліч пачуццяў сляза акрапіла,

Каб свет усміхнуўся, як ранічны промнік,

Каб зніклі грахі, як апошні бяздомнік,

Скажы мне натхнёна, узвышана, нова,

Каб сэрцам пачуць пранікнёнае слова,

Каб кроў маладзела, кіпела — не стыла,

Каб мара наступную мару будзіла.

Скажы мне... Не трэба! Маўчы лепей! Годзе!

Славеснасць ішла са стагоддзя ў стагоддзе.

Ты словам душу не кранеш, не акрыліш,

Ты словы паўторыш адныя і тыя ж,

Якія не раз паўтараліся намі

І продкамі продкаў, дзядамі, бацькамі.

Ды ў словы не ўмесціш пачуцці ўсё-роўна —

Дык лепей давай памаўчым красамоўна.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.