epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дэвіз для ўсіх

Дзёрзкі,

Жорсткі,

Дзелавы,

Прадажны —

Вось ён, часу

нашага партрэт.

Ў гэтым часе —

я такі бадзяжны —

Цесна сэрцу

ў свеце неабсяжным,

Не бязмежны —

для душы сусвет.

 

Мне бы крылы...

Я зямлю й без крылаў

Абляцеў,

Аб’ехаў

Ўсю яе.

Лёс свой спрытны,

як каня, узмыліў,

А калі крыху ён

Абяссілеў,

Што далей? —

пытанне паўстае.

 

Што далей?..

Вяртанне да вытокаў! —

Вось дэвіз,

для ўсіх і для мяне.

Як бы хто

ні лётаў найвысока,

А у родны дом

апошніх крокаў,

Ратавальных крокаў

Не міне.

 

Могілкі...

Туга..

Бацькоў магіла...

Востры боль

дзесяткі год пячэ.

Шмат куды

мяне жыццё насіла...

«Шмат дзе быў я! —

думка апаліла,—

А ў зямлі?..

Не быў я там яшчэ...»



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.