epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Для вас, панове

Судзіце строга, не судзіце строга,

Ў перакананнях мы — я тут, вы там.

І я не той, усё не той, якога

Хацелася бы чуць і бачыць вам.

 

Не ўсе мы маем над сабою німбы,

Між не анёлаў, не святы і я.

Хоць часам, за адным сталом сядзім мы,

А лыжка ўсё ж у кожнага свая.

 

Я — гэта я, прабачце, тут я смелы.

І не шукайце ў тым маёй віны,

Што любіце вы колер чорна-белы,

А я люблю адценні і таны.

 

Мы у жыцці не на адной палове

І кожны праз жыццё свой крыж нясе.

Зварот мой да каго? Да вас, панове,

Карціць каму, каб быў я, як усе.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.