epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Добрая душа

Карпiлаўскай суседцы — Васiлевiч

 

За душой, як кажуць,— «нi граша»,

А прытулiць кожнага у хаце

Баба Галя — добрая душа,

Дабрыня — усё яе багацце.

 

Спраў сваiх — ад ранку да цямна,

А яна другiм дапамагае.

Так за дзень наробiцца яна,

Што да ложку ледзьве дакульгае.

 

Ёй няма калi лiчыць гады —

Хто ж паробiць за яе работу?

Можа выпiць чарку ад нуды,

Можа дзве кульнуць — ад адзiноты.

 

А прачнецца — спiць яшчэ зара,

Печ распалiць, сена ў хлеў падкiне.

Баба Галя — за гаспадара,

Баба Галя — i за гаспадыню.

 

Сведка Бог — цi снiцца ёй спакой,

Цi ў душы мiнулае гамонiць?

Працаўнiцы не знайсцi такой —

Маладую ў баразне абгонiць.

 

Шлях яе жыццёвы — не шаша,

Праз гушчар дарогу церабiла...

Баба Галя — добрая душа,

Дабрынi з гадамi не згубiла.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.