epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Доктарава назва

Ці на мяне ўгнявіўся Бог,

Ці чорт мяне сурочыў?

Я раптам неяк занямог —

І я тады з апошніх ног

Да доктара заскочыў.

 

Узвыў я: — Мне прыйшоў канец!

Ледзь устаю з пасцелі.—

А доктар, як святы айцец,

Як медыцыны ўсёй мудрэц,

Спытаў: — А што вы елі?

 

Чым вы маглі атруціць кроў?

Ці ж малаком праз соску?

А я яму, без лішніх слоў,

Без аніякіх там прадмоў:

— Еў, доктар, вашу цёзку.

 

Ён думаў — я лухту нясу,

А я дадаў з уздыхам:

— Еў доктарскую каўбасу,

Няхай бы яе ліха.

 

Сказаў мне доктар: — Мілы мой,

Лячыць ты будзеш язву.

Які дурны атруце той

Даў доктараву назву?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.