epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Драч

Як толькі ліпень спусціць ноч з нябёс,

З лугоў квяцістых далятае плач,

Нібыта хтосьці скардзіцца на лёс —

Дык то не спіць, надрыўна стогне драч.

 

Ён, кажуць, пешшу ў вырай і назад,

Таму ў траве выплаквае тугу,

Што зноў дапне да Афрыкі наўрад,

Бо надта ногі змуліў на бягу.

 

Ах, то не плач, а песня! Ну і ну!

Яму тут, дома, ў мокрым лузе рай.

І ад таго шчасліўцу не да сну.

Ён так пяе, хоць вушы затыкай.

 

Спявай, мой дружа! Як без песні жыць!

Спявай, мой драчык, хоць не зведаў нот!

Ноч летняя — імгненне, час бяжыць,

І хутка восень, восенню — ў паход.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.