epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Дробязі жыцця

Нядзельным ранкам, на Каляды,

Прыехаў сын бацькоў праведаць.

Даўно не быў — старыя рады,

Пад абразы садзяцца снедаць.

 

Глядзяць бацькі ўвесь час ласкава,

Патэльню сунуць аж пад грудзі,

Дый весткі выслухаць цікава,

Глынуць навін — жывыя ж людзі.

 

— Ну як ты там, сынок Сымоне?

Як жонка маецца? Як дзеці?

Пра што народ шуміць-гамоне?

Што ў Мінску новага? Што ў свеце?

 

У сына рот не закрываўся,

Пацеў, змагаўся над патэльняй.

Нарэшце выдыхнуў, падняўся

І весткай па бацьках як стрэльне:

 

— Не быў у вас, бо быў заняты

Важнецкай, найгалоўнай справай.—

Бацькі, як тыя птушаняты,

Раты разінулі. Цікава!

 

— Кажы, сынок!

— Не мучай, сынку!

Сымон паклаў на стол паперу,

Глынуў усхвалявана слінку:

— Во ордэр! Атрымаў кватэру!

 

— Ну, дзякуй Богу! Дзякуй Богу!

Ах, наш Хрыстосе ўсемагутны!

Хвала й святым за дапамогу!

Мінуў, сынок, твой час пакутны.

 

Ты ж у чужых хадзіў па нітцы

І грошай заплаціў ахапку.

Цяпер ты, сын, як пан на брычцы,

Hі перад кім не здымеш шапку.

 

*

І ў прыроды ёсць патрэба

Мяняцца — змен такіх не мала.

Крыху паласкавела неба,

Вясна зіму ў каршэль прагнала.

 

Заварушыўся пад карыцай

Бярозавік і сок кляновы.

Ідуць грымоты з бліскавіцай,

Стаў вабіць нават куст лазовы...

 

Старая, зваць яе Аўдоцця,

Да мужа чэпіцца, Юстына:

— Ты ж кожны дзень вісіш на плоце,

Хоць тыдзень пагасціў бы ў сына.

 

— Ну, ты, Аўдоцця,— Дом урада!

Бог даў разумную галоўку.

Паеду! Добрая парада,

Сымон хваліў трохпакаёўку.

 

*

І вось ён ля дзвярэй кватэры

(Ледзь адшукаў Паўднёвы Захад),

Скрабецца, стукаецца ў дзверы,

Дыхне і новы робіць захад.

 

Аж пальцы на руках апухлі,

Ў адказ ні гуку, ні гамонкі:

— Ці спяць яны там? Ці паглухлі?

Няўжо назад, на смех да жонкі?

 

А, буду лепей ляпаць ботам.—

І грукнуў тры разы з разгону.

Нарэшце чуе: — Хто там? Хто там? —

Юстын пазнаў, пачуў Сымона.

 

— Я! Я, сынок! — Юстын раскіснуў,

Бо быў загорача адзеты.

— Чаму ты на званок не ціснуў? —

Сымон спытаўся.— Вось на гэты!

 

Юстын узняў на кнопку вочы,

Хоць пот іx заліваў, як з лейкі.

І раптам ён як зарагоча:

— Званок? Жартуеш — гузік нейкі!

 

— Заходзь жа, тата! Ты ж з дарогі.

У сына будзь, як дома, смела.

— Ой, стойце! Вы ж разуйце ногі! —

Нявестка бурай наляцела.

 

— Дык што рабіць? Стаяць? Заходзіць? —

Юстын спытаўся без ахвоты.

— Ай, тата, што яна гародзіць!

— А я сказала: скіньце боты!

 

Юстын разуўся ля парога,

Скруціў анучы, зняў шкарпэткі:

— А мы з Аўдоццяй молім Бога,

Каб не мінаў ваш вугал, дзеткі.

 

*

Юстын ішоў дамоў, пляваўся,

У той жа дзень, бліжэй да ночы.

— Во пагасціў, набаляваўся,

Як той казаў, праветрыў вочы.

 

Аўдоцця моліць, аж згарае:

— Ну што? Ну як? Чаму так хутка?

Юстын абсек: — Маўчы, старая,

Дай уздыхнуць — стаміўся жудка.

 

— Ну што ты скажаш? Што зазначыш?

Што бачыў поглядам мужчынскім?

— Паедзь сама, усё і ўбачыш,

Але разуйся... перад Мінскам.

 

— Ай, вот плявузгаеш, дурніца,

Пашлі такую во халеру.

— Ты ўжо разумная — курыца!

Дзяцей я бачыў і кватэру.

 

— Ну як кватэра? Даспадобы?

— Трымай ты, баба, думкі ў роце.

Я ў ёй нажыў бы ўсе хваробы,—

Юстын адказвае Аўдоцці.

 

— Як я цаню куток свой, хатку

Пасля вандроўкі гэтай горкай.

Усё я раскажу спачатку,

Ты толькі языком не торкай.

 

Разуўся я каля парога,

Хоць і ў царкву заходжу ў ботах.

Вось так на цыпках, басанога

Прайшоўся па пакоях-сотах.

 

Агледзеў іх — прыгожа, міла —

І сеў ад стомы на канапу.

Нявестка як загаласіла,

Ды як раскрыла сваю ляпу:

 

— Куды вы селі?! Гэта ж з Польшчы!

Вы ж сапсуеце пакрывала.

Я сеў у крэсла — лямант большы,

Нявестка лётала, злавала.

 

— На крэслах з Аўстрыі накідкі,

Яны скамечацца, патруцца! —

Крычыць, ажно трасуцца лыткі.—

Ці ж нам яны дарма даюцца? —

 

Стаю, як бусел на балоце,

Куды ступіць? Дзе ратаванне?

Зрабілася аж горка ў роце —

Расінкі не было ў ім зрання.

 

— Напэўна, з голаду апухну,—

Услых падумаў жартаўліва.

Тут, праўда, кліча сын на кухню,

Іду маўкліва, баязліва.

 

На кухні нібы ў нейкай яме,

Стол, табурэткі, сцісла, кучна.

— Нявестка што, не сядзе з намі?

Без гаспадыні, сын, нязручна.

 

— Мы па чарзе ядзім тут, тата,

У зале нельга — крошкі, плямы.

Нічога, калі цеснавата...

Я папрасіўся з кухні-ямы:

 

— Скажы, сынок, куды з газетай

Вы бегаеце ў адно месца?

Бо людзям ад патрэбы гэтай

І не сядзіцца, і не есца.

 

Тут, тата, побач з кухняй. Вона!

Я з кухні ў тыя дзверы — ходу.

Крычыць нявестка на Сымона:

— Правер за ім, бо дасць смуроду!

 

Mне кажа сын: — Вада як чухне —

Ды зліжа ўсё, глядзі — цікава!

А я яму: — Яда вось, кухня,

І тут жа, побач,— гэта справа.

 

А ў жываце — грымотна-хмурна,

Ды ну яго к ядронай маці.

У нашай вёсцы некультурнай

Ніводны кот не сядзе ў хаце.

 

Кажу я сыну і нявестцы:

— Прабачце, мо пляту благое,

Павінны людзі ў адным месцы

Ці есці, ці рабіць... другое.

 

А мне карціць другое болей,

Таму падзяка за ўгашчэнне,

Я, дзеткі, воляй ці няволяй

Пайду дамоў — няма цярпення.

 

Вось так, Аўдоцька, мая рыбка,

Я ўшанаваў дзяцей кватэру.

Цяпер за хлеў я скокну шыбка,

А ты ідзі, гатуй вячэру.

1991


1991

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.